Субота, 17 Чэрвень 2023

За «кубак з выявай герба П. і надпісам Ж.» жыхарку Оршы пакаралі арыштам

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

З дапамогай інфармацыі з Банку судовых рашэнняў удалося даведацца падрабязнасці пра дзяўчыну, з якой знялі «пакаяннае» відэа, уключанае ў анімацыйны ролік – ноў-хаў віцебскага тэлеграм-канала, блізкага да сілавікоў. Відэаролік быў змантаваны такім чынам, што замест твараў рэальных людзей глядач бачыць анімаваныя эмадзі. Дзяўчына ў відэароліку распавядае пра сваю віну: маўляў, карысталася на працы тэрмакубкам за выявай герба «Пагоня» і надпісам «Жыве Беларусь». За гэта яе прызналі вінаватай у несанкцыянаваным пікетаванні і асудзілі да трох сутак арышту.

Месца працы дзяўчыны – Аршанскі льнокамбінат. Паводле яе паказанняў, кубак яна набыла ў краме, і таму не лічыла, што ён можа быць прадметам правапарушэння. Разам з ёй у пакоі працуюць 15 чалавек. Адмыслова свой уласны посуд яна нікому не дэманстравала, але навакольныя маглі заўважыць, што на напоўненым гарачай вадкасцю кубку праступае выява «Пагоні» і лозунг «Жыве Беларусь». Падобна, што работніцу льнокамбіната «здаў» нехта з калегаў: у адміністрацыйнай справе фігуруюць фотаздымкі, на якіх дзяўчына пазнала і сябе, і свой тэрмакубак.

31 траўня дзяўчыну затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа, 1 чэрвеня адбыўся суд. Паколькі адпаведнай заявы ў выканкам па дазвол на правядзенне пікетавання не падавалася, суд палічыў, што работніца Аршанскага льнокамбіната правяла несанкцыянаваную масавую акцыю ў асяродку супрацоўнікаў. Паводле артыкула 24.23 КаАП дзяўчыну пакаралі арыштам на трое сутак. «Кубак з выявай герба П. і надпісам Ж.» суд пастанавіў знішчыць.

Юрка Жмых