17 лютага ў Віцебску мясцовыя сябры аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” правялі сумесную акцыю ў межах “Хвалі салідарнасьці”. У гэты дзень яны разам напісалі лісты беларускім палітвязьням, а таксама ўзялі капэрты з адрэсамі вязьняў з сабой, каб як мага больш людзей маглі напісаць ім. “Спадзяемся, што лісты дойдуць да ўсіх зьняволеных”, - адзначыла каардынатарка аргкамітэту БХД па Віцебскай вобласьці Тацьцяна Севярынец.

16 лютага каля апоўдня ў Віцебску былі затрыманыя сябры БХД Стас Лаўрэнаў і Аляксей Кішчук. Іх затрымалі ў цэнтры гораду ля Плошчы Свабоды пасьля таго, як яны вывесілі расьцяжку “Свабоду палітвязьням”. Пра гэта паведаміла віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэньні БХД Тацьцяна Севярынец. Актывісты зьвязаліся зь ёй па мабільніку і паведамілі, што іх вязуць у міліцыю. Паводле яе словаў, хлопцаў адвезьлі ў Кастрычніцкі РАУС Віцебску.

Адвакат Станіслаў Абразей, які бараніў Уладзіслава Кавалёва, абвінавачанага ў тэрарызьме і расстралянага, зьвярнуўся да старшыні Вярхоўнага Суду з патрабаваньнем неадкладна разгледзець наглядную скаргу. Гэта належала зрабіць не пазьней як у кастрычніку мінулага году. Але спадар Абразей не атрымаў ніякага адказу дагэтуль, хоць скарга была накіраваная яшчэ паўгода таму.

Віцебская гарадзкая арганізацыя Партыі БНФ прыняла рашэньне распачаць складаньне сьпісаў патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў, выбары якіх павінны прайсьці ў 2014 годзе, паведамляе прэс-служба партыі па выніках паседжаньня рады 11 лютага. «Мы абмеркавалі неабходнасьць вылучыць кандыдатаў ад Партыі БНФ на ўсіх выбарчых акругах, - цытуе прэс-служба старшыню гарадзкой арганізацыі Аляксандра Кузьняцова. - На выбарах у Віцебскі абласны савет такіх акругаў 60, на выбарах у Віцебскі гарадзкі савет - 40. Сама перадвыбарчая кампанія, хутчэй за ўсё, пачнецца пад канец году, але вызначацца з кандыдатамі, абмяркоўваць і складаць праграмы, пачынаць працу неабходна не за месяц».

Старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Косінец запатрабаваў ліквідаваць выяўленыя ў гаспадарках рэгіёну факты безгаспадарчасьці на працягу 48 гадзін. Пра гэта ён заявіў 12 лютага на каардынацыйнай нарадзе па барацьбе са злачыннасьцю і карупцыяй, прысьвечанай рэалізацыі патрабаваньняў Дырэктывы № 3 “Эканомія і ашчаднасьць - галоўныя чыньнікі эканамічнай бясьпекі дзяржавы” і ўказу “Аб абвяшчэньні 2013 году Годам ашчаднасьці”.

Згодна з вынікамі галасаваньня, якое праводзіла інтэрнэт-выданьне “Народныя навіны Віцебска”, Чалавекам году Віцебску-2012 абралі Любоў Кавалёву — маці асуджанага за тэракт у менскім мэтро і растралянага ў сакавіку 2012 году Ўладзіслава Кавалёва. Гэтая жанчына не пакінула змагацца за свайго сына і пасьля выкананьня прысуду. Зараз яна дамагаецца выдачы цела растралянага Ўладзіслава Кавалёва, дагэтуль ёй вярнулі нават ня ўсе яго асабістыя рэчы.

Дырэктар ТРК «Віцебск» Анатоль Камовіч падзякаваў старшыні Віцебскай абласной рады партыі БНФ Леаніду Аўтухову: «Вялікі дзякуй Вам за ўвагу да этэру нашай тэлерадыёкампаніі. Ваша прапанова вельмі слушная, але ж стварэньне новых праектаў у гэтым годзе кампаніяй не заплянаванае з прычыны недахопу фінансавых сродкаў». Гэтак галоўны тэлевізійнік Віцебшчыны адказаў на зварот мясцовага лідэра БНФ з прапановай аб стварэньні праграмы грамадзка-палітычнага накірунку.

Уладзімер Арлоў прэзэнтаваў у Віцебску свае кнігі «Сьвецяцца вокны, ды нікога за імі», «Пакуль ляціць страла», «Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя», «Вялікае Княства Літоўскае. Ілюстраваная гісторыя», а таксама аўдыёвэрсію кнігі «Імёны Свабоды». На сустрэчу зь пісьменьнікам, што ладзілася ў Віцебскай абласной бібліятэцы 7 лютага, прыйшло больш за 100 чалавек – мясцовых літаратараў, студэнтаў, настаўнікаў, грамадзкіх і палітычных актывістаў. Імпрэза адбывалася ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!».

Віцебскі актывіст партыі “Белая Русь” і ўдзельнік “Камітэту Нацыянальнага выратаваньня” Сяргей Рыжоў паведаміў, што за яго дзейнасьць улады перасьледуюць яго маці, якая хварэе дыябетам і якой адмаўляюць у выдачы неабходных лекаў: “Яна хворая на цукровы дыябет, вымушаная была зьвярнуцца са скаргамі да кіраўніцтва паліклінікі, у гарадзкі і абласны аддзелы аховы здароўя, і ніхто гэтыя пытаньні не вырашае. Адмаўляюць у выпісцы прэпаратаў, якія ёй рэкамендаваныя для падтрымкі арганізму. Сытуацыя проста выпадае нават за рамкі дазволенага. Кожны раз, калі адбываецца нешта, што выклікае рэзананс у грамадзтве, ціск ладзіцца менавіта на чальцоў сям’і”.

Гаспадарчы суд Віцебскай вобласьці завёў уліковыя запісы ў сацыяльных сетках для пошуку даўжнікоў. Неплацельшчыкам адпраўляюць паведамленьні пра запазычанасьці, памеры даўгоў і інфармуюць пра пачатак у дачыненьні да іх выканаўчых вытворчасьцяў. Гаспадарчы суд ужо ня раз сутыкаўся з сытуацыямі, калі даўжнікі хаваюцца ад судовых выканаўцаў, аднак рэгулярна наведваюць сацыяльнай сеткі. Тут яны выкладаюць фатаграфіі з адпачынку або побач са сваім дарагім аўтамабілем. Гэта дазваляе скласьці ўяўленьне пра маёмаснае становішча даўжнiка, яго прыкладны ўзровень даходаў, наяўнасьці аўтатранспарту.