Пятніца, 15 Люты 2013

У Віцебску затрымалі ўдзельнікаў “Хвалі салідарнасьці” (абноўлена)

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

16 лютага каля апоўдня ў Віцебску былі затрыманыя сябры БХД Стас Лаўрэнаў і Аляксей Кішчук. Іх затрымалі ў цэнтры гораду ля Плошчы Свабоды пасьля таго, як яны вывесілі расьцяжку “Свабоду палітвязьням”. Пра гэта паведаміла віцебская каардынатарка аргкамітэту па стварэньні БХД Тацьцяна Севярынец. Актывісты зьвязаліся зь ёй па мабільніку і паведамілі, што іх вязуць у міліцыю. Паводле яе словаў, хлопцаў адвезьлі ў Кастрычніцкі РАУС Віцебску.

Пазьней Аляксей Кішчук здолеў паведаміць Тацьцяне Севярынец, што актывістаў вязуць у ізалятары часовага ўтрыманьня, дзе іх будуць утрымліваць да суду. Суд адбудзецца ў панядзелак. У дзень затрыманьня Стасу Лаўрэнаву спаўняецца 20 год. Сустрэне ён дзень народзінаў у ІЧУ.

“Хваля салідарнасьці” ў падтрымку палітвязьняў БХД праходзіць у фармаце штодзённага маратону ў розных гарадох Беларусі з 13 лютага. Актывісты распаўсюджваюць улёткі і плякаты з інфармацыяй пра палітвязьняў па паштовых скрынях, расклейваюць на стэндах дамоў, раздаюць паштоўкі з заклікам падпісаць іх і пераслаць палітзьняволеным. Яны таксама вывешваюць расьцяжкі з заклікам да вызваленьня палітвязьняў. Акцыя “Хваля салідарнасьці” завершыцца ў Дзень Волі 25 сакавіка.

Паводле Прэсавай службы БХД і БелаПАН