Зміцер Паліенка. Фота 2016 года. Палітвязень Зміцер Паліенка раніцай 24 кастрычніка выйшаў на волю пасля адбыцця пакарання ў папраўчай калоніі №2 у Бабруйску. “Праз гадзіну Зміцер будзе на вакзале”, - паведаміла ў фэйсбуку ягоная сяброўка Марына Насенка.

Нагодай для крымінальнага пераследу сацыяльнага актывіста стаў ягоны ўдзел у мірным сходзе “Крытычная маса”, які адбываўся 29 красавіка 2016 г. у Мінску і быў гвалтоўна спынены міліцыяй.

***

12 кастрычніка 2016 года судом Цэнтральнага раёна г. Мінска Зміцер Паліенка быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў) і часткай 2 артыкула 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару). Паводле прысуда, Зміцер Паліенка быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.

7 красавіка 2017 года судом Заводскага раёна г. Мінска разгледжана прадстаўленне органа, які ажыццяўляе кантроль за паводзінамі асуджанага (хутчэй за ўсё, УУС Заводскага раёна), і адменена адтэрміноўка выканання пакарання. У сувязі з гэтым, без права на абскарджванне, актывіст падлягае накіраванню ў папраўчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 гады (з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду ў 2016 годзе).

Падрабязна: Хто такі Зміцер Паліенка і чаму ён спазнаў пераслед?

Крыніца: Мінус адзін: на волю выйшаў палітвязень Зміцер Паліенка