Берасцейскія актывісты. Фота з сацыяльных сетак Пракуратура Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці масава выклікае актывістаў для дачы тлумачэння пра абставіны, звязаных з парушэннем заканадаўства аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.

Актывісту Сяргею Пятрухіну прыйшла позва за подпісам пракурора Бярозаўскага раёна А. Круцько на10 кастрычніка ў 16.00, а відэаблогера Аляксандра Кабанава – у 16.45. Акрамя іх, па словах Кабанава, у пракуратуру выклікалі яшчэ сем чалавек.

Нагадаем, з 25 лютага кожную нядзелю на плошчу Леніна ў Берасці прыходзяць праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Яны стаяць групамі, гутараць, абмяркоўваюць навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства, кормяць галубоў. У апошнія выходныя, 7 кастрычніка, супрацоўнікі міліцыі затрымалі пяць чалавек, якіх у далейшым суд пакараў штрафамі.

У Светлагорске адбылася падбоная сітуацыя са свабодай мірных сходаў. Калі ў горадзе стала вядома пра флэшмоб, то ў прызначаны дзень актывістаў выклікалі позвай у пракуратуру. Палічыўшы, што праваабаронца Алена Маслюкова можа быць арганізатарам несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, пракурор Светлагорскага раёна вынес ёй папярэджанне аб адказнасці за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

У той дзень усё роўна адбыўся флэшмоб супраць працы завода па вытворчасці беленай цэлюлозы, у якім удзел прынялі каля 150 чалавек. У далейшым суд Светлагорскага раёна пакараў па ч. 2 арт. 23.34 (арганізацыя несанкцыянаванага масавага мерапрыемства) праваабаронцу Алену Маслюкову і экалагічнага актывіста Анатоля Змітровіча штрафам у памеры 25 і 20 базавых велічыняў адпаведна.

Крыніца: Берасцейскіх актывістаў масава выклікаюць у пракуратуру