06.12.2023 Тэгі: крымінальны пераслед, пераслед, затрыманні Больш за тры гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў у штотыднёвым аглядзе.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Жыхара Віцебска затрымалі за "абразу прадстаўнікоў улады"

Паводле сілавікоў, 32-гадовы Раман Дудкін, нібыта "размясціў мноства каментароў, якія змяшчаюць абразы Лукашэнкі і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі".

Сцвярджаецца, што ў адносінах да яго распачаты шэраг крымінальных спраў.

У Барысаве затрымалі пенсіянерку Наталлю Лаўрову

Жанчыну, 1962 года нараджэння, выклікалі ў РАУС яшчэ 2 снежня, але на волю дагэтуль яна не выйшла.

Блогера Паўла Вінаградава зноў будуць судзіць

Раней яго ўжо асуджвалі на 5 гадоў калоніі за адзін пост у фэйсбуку. За час зняволення ён схуднеў на 36 кг, яго амаль 6 месяцаў трымалі ў ШЫЗА і пераводзілі ў спецпалату для хворых.

Павел Вінаградаў

Цяпер яму хочуць змяніць умовы рэжыму ўтрымання (арт. 411 Крымінальнага кодэкса). Пасяджэнне  пройдзе 6 снежня ў судзе Ваўкавыскага раёну.

Нядаўна стала вядома, што апошнія паўгода Вінаградава ўтрымлівалі ў ШІЗА.

Падтрымайце Паўла: ПК № 11. 231900, Ваўкавыск, Ракасоўскага, 118, Павел Юр'евіч Вінаградаў

Былога палітвязня, які цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю, затрымалі па новай крымінальнай справе

Аляксандр Жук — фігурант так званай «справы карагодаў», якая датычыцца акцыі пратэсту 13 верасня 2020 года ў Брэсце. Яму прызначылі 1,5 года «хіміі», якія ён цалкам адбыў і выйшаў на волю 23 ліпеня 2022 году.

Як паведамляе "Берасцейская вясна", сёння праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі «пакаяльнае відэа», у якім Аляксандр «прызнаецца» ва ўдзеле ў пратэстах 10 жніўня 2020-га году — ён нібыта «стаяў першым шэрагу ў счэпцы па вуліцы Савецкай і выкрыкваў розныя пратэсныя лозунгі».

Крыніца: Паўторныя суды і новыя затрыманні: хроніка пераследу 6 снежня