30.05.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед, палітвязні Яўген Меркіс У Гомельскім абласным судзе 30 траўня вынесены прысуджурналісту-фрылансеру і краязнаўцу Яўгену Меркісу. Палітвязня абвінавацілі ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзеле ў ім (ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса), а таксама ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса).

Справу Меркіса ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Аляксей Хлышчанкоў.

Палітзняволенага Яўгена Меркіса затрымалі 13 верасня 2022 года ў Гомелі. Па месцы жыхарства быў праведзены ператрус, у ходзе якога былі канфіскаваныя носьбіты інфармацыі. Да суда быў змешчаны ў СІЗА № 3 Гомеля.

Яўген асвятляў акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, вёў стрымы з мітынгаў так званых "дармаедаў”. Яго неаднаразова затрымлівала міліцыя, праз суды штрафавала і адпраўляла на суткі. Агулам за сваю журналісцкую дзейнасць Меркісу прысудзілі 50 сутак арышту і больш за 200 базавых велічынь штрафаў.

Пасля прызнання шэрагу незалежных СМІ экстрэмісцкімі фармаваннямі Яўген займаўся краязнаўчай і гістарычнай дзейнасцю. Аднак неўзабаве ягоны “Краязнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыны”, дзе размяшчалася багата ўнікальнай інфармацыі па краязнаўстве і гісторыі рэгіёна, перастаў адкрывацца. Цяпер пры адкрыцці старонкі nashkraj.info пазначаецца “сайт недасяжны”. Таксама быў выдалены тэлеграм-канал “Краязнаўства Гомеля і Гомельшчыны”.

Сёння Яўген Меркіс выступіў з апошнім словам, пасля чаго быў абвешчаны прысуд: пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму тэрмінам на чатыры з паловай гады.

Крыніца: Журналіста-фрылансера Яўгена Меркіса асудзілі да чатырох з паловай гадоў калоніі