30.03.2023 Тэгі: суды, крымінальны пераслед Валерый Цапкала У Мінскім абласным судзе 29 сакавіка ў парадку спецыяльнай вытворчасці працягваўся разгляд крымінальнай справы аднаго з кандыдатаў на прэзідэнты пад час выбарчай кампаніі 2020 года, былога дыпламата, ініцыятара і стваральніка Парка высокіх тэхналогій Валерыя Цапкалы. Абвінавачаны па 12 крымінальных артыкулах Цапкала ў ноч з 23 на 24 ліпеня 2020 года разам з дзецьмі таемна пакінуў Беларусь, таму суд над ім праходзіць завочна. Абвінавачанага абвясцілі ў вышук.

Судовы працэс вядзе суддзя Сяргей Епіхаў.

Зыходзячы з публікацый у дзяржаўных СМІ, абвінавачанне ў першую чаргу вылучае эканамічныя складнікі ў справе Валерыя Цапкалы, хаця палова з прад'яўленых яму артыкулаў – “палітычныя”.

"Ствараў беларускую Вікіпедыю" за кошт сродкаў ПВТ: што вядома пра суд над Валерыем Цапкалам

На судзе выступілі прадстаўнікі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, якія абвінавацілі Валерыя Цапкалу ў паклёпе і запатрабавалі кампенсацыі маральнай шкоды.

29 сакавіка суд завяршыў судовае следства. У ходзе спрэчкі бакоў прадстаўнік дзяржабвінавачання папрасіў суд прызнаць былога кандыдата ў прэзідэнты пад час выбарчай кампаніі 2020 года Валерыя Цапкалу вінаватым і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 19 гадоў, а таксама штрафу ў памеры 1 000 базавых велічынь.

Прысуд будзе абвешчаны 7 красавіка.

Крыніца: Абвінавачанне запрасіла для былога кандыдата ў прэзідэнты Валерыя Цапкалы 19 гадоў калоніі