Ілюстрацыйнае фота Праваабарончы цэнтр «Вясна» на працягу чэрвеня фіксаваў працяг тэндэнцыі па крымінальным пераследзе грамадзян паводле палітычных матываў. ПЦ «Вясна» вядома пра не менш за 86 грамадзян, асуджаных у чэрвені паводле палітычных матываў. Суадносіны вядомых праваабаронцам жанчын і мужчын, асуджаных за чэрвень у крымінальным парадку, складае 39,54% і 60,46% адпаведна.

З агульнай колькасці асуджаных у чэрвені грамадзян, звесткі пра якіх атрымалася сабраць ПЦ «Вясна», паводле дыфамацыйных артыкулаў, на выключэнні якіх з Крымінальнага кодэкса доўгі час настойвае праваабарончая супольнасць, асуджана 43% грамадзян. Паводле артыкулаў аб падрыхтоўцы групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўным удзеле у іх, і масавых беспарадках асуджана 35% грамадзян.

У дачыненні да двух грамадзян крымінальны пераслед за дыфамацыю быў спынены. У адным выпадку гэтаму паслужыла змена заканадаўства, у другім — заканчэнне тэрмінаў прыцягнення да адказнасці.

Праваабаронцы зафіксавалі, што ў чэрвені судовая сістэма ў пераважнай большасці выпадкаў працягвала ўжываць да фігурантаў «пратэсных» крымінальных спраў пакаранні, звязаныя з пазбаўленнем і абмежаваннем волі. Сумарна за чэрвень па вядомых ПЦ «Вясна» справах суды вынеслі:

  • 109 гадоў і 4 месяцы зняволення ў дачыненні да 30 чалавек;
  • 53 гады і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія») у дачыненні да 22 чалавек;
  • 73 гады і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») у дачыненні да 30 чалавек;
  • 3 месяцы арышту для 1 чалавека;
  • 100 базавых велічыняў на суму 3 200 рублёў у якасці асноўнага пакарання для 1 чалавека
  • 860 базавых велічыняў штрафу на суму 27 520 рублёў у якасці дадатковага пакарання для 7 чалавек разам з пазбаўленнем волі;
  • прымусовыя меры бяспекі і лячэння ў псіхіятрычным стацыянары са звычайным назіраннем для 2 чалавек.

Паводле прысудаў, вядомых праваабаронцам, па «пратэсных» крымінальных справах у чэрвені суды ўжывалі пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, у 34,89% выпадкаў. Абмежаванне волі з накіраваннем у ПУАТ («хімія») суды выкарыстоўвалі ў якасці пакарання ў 25,59% выпадкаў. Абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ («хатняя хімія») ужывалася ў 34,89% выпадкаў асуджэння грамадзян. Арышт у якасці пакарання ўжываўся ў 1,17% выпадкаў. Прымусовыя меры бяспекі і лячэння прымяняліся ў 2,33% выпадкаў.

Такім чынам, пакаранне паводле палітычна матываваных крымінальных спраў, звязанае з пазбаўленнем волі, яе абмежаваннем у выглядзе «хіміі», «хатняй хіміі», арыштам і прымусовымі мерамі бяспекі і лячэння ў псіхіятрычным стацыянары суды ўжывалі ў 98,87% выпадках асуджэння фігурантаў «пратэсных» спраў у чэрвені.

Крыніца: За чэрвень па "пратэсных" крымінальных справах асуджана не менш за 86 чалавек