У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 4 ліпеня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Старшыню Барысаўскай гарадской арганізацыі БСДП аштрафавалі за два рэпосты

Па інфармацыі праваабаронцаў, Алеся Абрамовіча затрымалі 28 чэрвеня і трое сутак утрымлівалі ў часовым ізалятары Барысаўскага РАУСа. У выніку на Алеся былі складзеныя два пратаколы па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Суд Барысаўскага раёна прызнаў Абрамовіча вінаватым у тым, што ён зрабіў рэпост інфармацыйных матэрыялаў са свастыкай, а таксама за рэпост з «Белсата», які быў прызнаны ўладамі «экстрэмісцкім».

Алесь Абрамовіч. Фота licviny.info

Па аднаму пратаколу мужчыне прызначылі 30 базавых велічыняў, а па другім — 10 базавых. Агулам Абрамовіча аштрафавалі на 1 280 рублёў.

Журналіста "Новага Часа" Мікалая Дзядка перавялі ў гарадзенскую турму №1

У турме асуджаны да 5 гадоў калоніі палітвязень Мікола Дзядок прабудзе да канца ягонага тэрміну — 2 гады 10 месяцаў.

Нагадаем, Міколу Дзядка затрымалі 11 лістапада 2020, пасля чаго моцна білі і катавалі.

Мікола Дзядок. Фота: ПЦ

Летась 10 лістапада суддзя Анастасія Папко прызнала Мікалая вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

арт. 342 — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх;

арт. 361 — Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;

арт. 295-3 — Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў.

Падтрымаць палітвязня: Турма № 1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1 Дзядку Мікалаю Аляксандравічу.

Павел Вінаградаў. Фота Радыё Свабода.

Палітзвязня Паўла Вінаградава этапавалі ў ваўкавыскую калонію

Блогера і актывіста Паўла Вінаградава затрымалі 22 снежня 2021 года ў прыватным доме ў Беразіно. Палітвязня абвінавацілі па арт. 130 КК (Распальванне сацыяльнай варожасці), ч. 2 арт. 367 КК (Паклёп на прэзідэнта) і арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). 10 сакавіка ў Мінскім абласным судзе пачаўся разгляд справы, але суд над палітвязнем зрабілі закрытым. Ужо 16 сакавіка палітвязню прысудзілі 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Днямі Паўла накіравалі ў папраўчую калонію № 11 у Ваўкавыску.

Адрас для ліставання: ПК №11, 231900, г. Ваўкавыск, вул. Ракасоўскага, 118, Павел Юр'евіч Вінаградаў (на лістах пазначайце «каранцін»).

Наваполацкаму актывісту Андрэю Галавырыну прысудзілі другі арышт запар

Гаравырын быў затрыманы 15 чэрвеня і асуджаны на 15 сутак за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». 1 ліпеня яго асудзілі другі раз – за несанкцыянаванае пікетаванне. Цяпер Андрэй Галавырын мусіць адбыць два арышты па 15 сутак запар, нягледзячы на праблемы са здароўем, піша "Віцебская вясна".

Андрэй Галавырын.

Бацькі Андрэя даведаліся, што падчас першага арышту ў Наваполацкім ЦІПе ў яго здарыўся гіпертанічны крыз, і ўвогуле трымаецца высокі ціск. Пра гэта стала вядома падчас другога судовага працэсу, які праходзіў праз скайп. Пасля арышту, прысуджанага паводле артыкула 19.11 КаАП, Андрэй Галавырына асудзілі паводле артыкула 24.23 КаАП за жоўта-блакітны сцяг на аватарцы ў сацыяльных сетках. Суд расцаніў гэта як несанкцыянаванае пікетаванне.

Інфармацыя будзе дапаўняцца.

Крыніца: Садзяць на суткі і штрафуюць па другім коле: хроніка пераследу 4 ліпеня