Суд Цэнтральнага раёна Мінска Суд Цэнтральнага раёна Мінска 17 чэрвеня вынес прысуд Кацярыне Пазушка, абвінаваціўшы яе ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядала суддзя Вікторыя Шабуня, дзяржабвінаваўца – памочнік пракурора Арцём Цвяткоў.

Кацярына была затрыманая з 5 па 7 траўня, затым да суда вызваленая пад паручальніцтва.

Пацярпелым па справе выступае ўчастковы інспектар міліцыі Цэнтральнага ОУУС Мінска Артур Кохан.

Па матэрыялах абвінавачання, Кацярына Пазушка вечарам 12 лістапада 2020 года з пачуцця непрыязнасці да прадстаўнікоў улады, выкарыстоўваючы мабільны тэлефон, у чаце групы "Карнікі Беларусі” наўмысна падрыхтавала і апублікавала тэкст каментара, які змяшчае выяўленыя ў непрыстойнай грубай форме абразы ў адрас Кохана з выкарыстаннем ненарматыўнай формы маўленчага выказвання.

У судовым пасяджэнні Пазушка вінаватай сябе ў інкрымінаваным ёй дзеянні прызнала ў поўным аб'ёме.

Суду патлумачыла, што убачыўшы ў чаце групы "Карнікі Беларусі" публікацыю пра супрацоўніка міліцыі і аб яго нібыта датычнасці да смерці Рамана Бандарэнка, эмацыйна адрэагавала падобным чынам.

Суд пастанавіў прызначыць Кацярыне Пазушка пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін два гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Крыніца: Асудзілі дзяўчыну, якая абразіла ўчастковага інспектара, ныбыта датычнага да смерці Рамана Бандарэнкі