Злева направа: Кацярына Макарэвіч, Арцём Латышаў, Ірына Пярцова, Юлія Лабунова. Фота "НН" У судзе Віцебскага раёна 20 траўня вынесены прысуд палітвязням Ірыне Пярцовай, Арцёму Латышаву, Кацярыне Макарэвіч і Юлі Лабуновай, вядомых як ўдзельнікі "віцебскіх перформансаў".

Справу разглядаў суддзя Міхаіл Зубеня.

На папярэднім судовым пасяджэнні дзяржабвінаваўца запрасіў для абвінавачаных у залежнасці ад іх ролі ў здзейсненых злачынствах і прызнання сваёй віны наступныя тэрміны зняволення:

Ірыне Пярцовай па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса – два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму;

Юлі Лабуновай па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса – чатыры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму;

Кацярыне Макарэвіч па ч. 1 арт. 342 і ч. 2 арт. 339 адпаведна, па сукупнасці пакаранняў, два і тры з паловай гады пазбаўлення волі. Канчаткова –чатыры з палавінай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму;

Арцёму Латышаву па арт. 341 і ч. 2 арт. 339 адпаведна па сукупнасці пакаранняў два і чатыры з паловай гады пазбаўлення волі, Канчаткова – шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Ад двух да шасці гадоў калоніі: абвінавачванне запрасіла тэрміны для ўдзельнікаў "віцебскіх перформансаў"

Паводле матэрыялаў следства, група праводзіла лакальныя акцыі, а свае, так званыя "дасягненні", здымалі на відэа. Ролікі яны публікавалі ў адкрытым доступе ў Інтэрнэце для ўсеагульнага агляду з мэтай прыцягнення ўвагі.

Апошнія словы абвінавачаных – трагедыя зламаных лёсаў

У сваім  апошнім слове Ірына Пярцова прасіла не пазбаўляць яе волі.

“Я знахожуся ў СІЗА 8 месяцаў, быў час каб усё ўсвядоміць. Я адна выхоўваю сына, цяпер яго аддадуць у дзіцячы дом, ён будзе расці без маці”.

Юля Лабунова вельмі эмацыйна казала аб тым, што ў яе дома засталася дачка. У яе самы складаны ўзрост, ёй патрэбна маці, клопат і ўвага:  “Мне сорамна за свой учынак, за тое што прыношу гора і пакуты сваёй сям’і. У мяне быў час зрабіць вывады і прызнаць свае памылкі. Я чыстасардэчна раскайваюся. Прашу не пазбаўляць мяне волі і даць магчымасць вярнуцца да сваёй сям’і і працы, якой я вельмі даражу."

Арцём Латышаў: “Усё жыццё я стараўся быць чэсным і справядлівым. Я выконваў усе ўскладзеныя на мяне сям’ёй і дзяржавай абавязальніцтвы, адпрацаваў па накіраванні пасля вучобы, служыў у войску, валанцёрыў пад час эпідэміі ковіду. Я заўсёды хацеў быць карысным сваім блізкім і грамадству, усё рабіў дзеля гэтага. Прашу прызначыць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.

Прашу таксама не пазбаўляць волі дзяўчат, якія знаходзяцца са мной за кратамі і прызначыць ім мінімальнае пакаранне, якое толькі магчыма. Яны ўжо шмат нацярпеліся ў СІЗА ў вельмі цяжкіх умовах, якія не кожны мужчына можа вытрымаць. Тут шмат казалі пра характарыстыкі з СІЗА, але не казалі пра інцыдэнт, які  здарыўся ў лістападзе 2020 года. Уначы мой сусед па камеры перарэзаў сабе ўсе вены на руцэ. Я першы прчнуўся і разам з іншымі, забілі трывогу. Калі б мы спазніліся – гэты чалавек загінуў бы.”

Кацярына Макарэвіч таксама раскайваецца і ўвесь час плача…

“Хачу каб нашае грамадства жыло і міры і згодзе. Хачу займацца любімай працай,  Я не здымаю з сябе адказнасці. Мае блізкія таксама церпяць і перажываюць за мяне. Дайце шанец клапаціцца пра маці. Ёй трэба аплочваць мае крэдыты. Мне сорамна перад сваімі блізкімі. Кожны чалавек можа зрабіць памылку, але ён яе можа выправіць”.

Суд пагадзіўся з прапановай абвінавачання і прызначыў канчатковае пакаранне: Арцёму Латышаву  4 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму, Кацярыне Макарэвіч –  3 гады і 6 месяцаў, Юліі Лабуновай –  3 гады і 6 месяцаў, Ірыне Пярцовай – два гады калоніі агульнага рэжыму.

У Віцебску чатырох палітвязняў судзяць за “экстрэмісцкія перформансы”

У судзе Віцебскага раёна 25 красавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы, заведзенай адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу на чатырох мясцовых жыхароў за “экстрэмісцкія перформансы”.

Крыніца: Вынесеныя суровыя прысуды ўдзельнікам "віцебскіх перформансаў"