Панядзелак, 14 Жнівень 2023

Брыцікаву і Кухаронка вінавацяць паводле арт. 361 Крымінальнага Кодэксу

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Праваабаронцам стала вядома, што Вольгу Брыцікаву, былую старшыю незалежнага прафсаюзу ААТ «Нафтан», вінавацяць паводле ч. 1 арт. 361 КК РБ (Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, або здрадзе дзяржаве, або здзяйснення акта тэрарызму або дыверсіі, або ажыццяўлення дзеянняў, накіраваных на парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, або здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, у тым ліку на прымяненне мер абмежавальнага характару (санкцый) у дачыненні да Рэспублікі Беларусь). Аляксандра Кухаронка вінавацяць паводле таго ж артыкула, але па каторай частцы – звестак няма.

Вольгу Брыцікаву і Аляксандра Кухаронка затрымалі 11 жніўня. Кухаронак быў затрыманы ў вёсцы Росіца Верхнядзвінскага раёна, там АМАПаўцы правялі ператрус, а таксама пеатрусы прайшлі на кватэры Кухаронка і ў ягоных бацькоў у Наваполацку. Спачатку разам з ім была затрыманая і жонка, але пазней яе адпусцілі.

Аляксандр Кухаронак быў адным з першых работнікаў «Нафтана», якія падтрымалі стачку на прадпрыемстве. У 2021 годзе ён адбыў 20 сутак арышту за ўдзел у запісе відэаролік з заклікам галасаваць на платформе «Голас» -- яго абвінавацілі ў правядзенні несанкцыянаванай акцыі (паводле арт. 24.23 КаАП).

Вольга Брыцікава, у якой таксама правялі ператрус, летась адбыла за кратамі 75 сутак. Ёй прысудзілі 5 арыштаў запар за нібыта несанкцыянаванае пікетаванне. Падчас арышту яна абвяшчала галадоўку на знак пратэсту.

Паводле ч.1 арт. 361 КК РБ жанчыне пагражае арышт або пазбаўленне волі на тэрмін да 3-х гадоў.

Міхась Хмара