Панядзелак, 15 Студзень 2024

Праўладнага актывіста Аляксея Талая, які збірае ахвяраванні «для дзяцей Данбаса», запрасілі ў Оршу агітаваць моладзь ісці на выбары

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Выступ аршанскага нараджэнца ў гарадскім палацы культуры быў анансаваны як «урок мужнасці» пад назовам «Зрабі слушны выбар!» А самога Талая прадставілі маладым людзям як матывацыйнага трэнера, паралімпійца, палітыка, прадпрымальніка, бацьку чацьвярых дзяцей, і «благотворителя», маючы на ўвазе ў тым ліку і ягоныя захады па незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з часова акупаванай тэрыторыі Украіны, якія расследуецца паводле двух першых частак артыкулу 438 Крымінальнага кодэкса Украіны — парушэнне законаў і звычаяў вайны. За гэта Аляксею Талаю пагражае 15 гадоў або пажыццёвае зняволенне, але на сустрэчы з аршанскай моладдзю пра такі факт не згадалі.

Слухаць Талая склікалі прадстаўнікоў грамадскіх структур, але большасць прысутных у залі склалі навучэнцы адукцыйных установаў, а таксама школьнікі – выхаванцы вайскова-патрыятычных клубаў. Выступоўца распавёў, як у падлеткавым узросце ён стаў інвалідам, падарваўшыся на міне часоў Вялікай Айчыннай вайны, як знайшоў у сабе сілы жыць далей, як пачаў займацца спортам... А потым пераключыўся на заклікі абавязкова ўзяць адзел у выбарах, параіўшы прысутным «где-то приспосабливаться, где-то стоять, а где-то уже и наступать», паводле цытавання ягоных словаў у «Аршанскай газеце». Таксама «говорили и о мужестве, о патриотизме, о поддержке людей в зоне боевых действий, о помощи детям Донбасса. Фонд Алексея Талая активно помогает в реабилитации детей из ДНР, ЛНР и других регионов Украины в Беларуси», піша аршанская «раёнка».

Як высветлілася падчас сустрэчы, у свой родны горад Аляксей Талай прыехаў не проста так, а за чарговай «порцыяй» ахвяраванняў, якія збіралі цягам месяца «пярвічкі» РГА «Белая Русь», актывісты БРСМ і прадстаўнікі розных арганізацый і установаў, у там ліку рэдакцыя «Аршанскай газеты». Усё сабранае пайшло ў Фонд Аляксея Талая, ад імя якога будзе размеркавана на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях.

Майя Лісіцкая