Чацвер, 28 Снежань 2023

Пра асаблівасці правядзення выбараў даводзілі намеснікам кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце ў Мёрах

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Як піша сайт mijory.by, асаблівасці правядзення выбараў дэпутатаў у адзіны дзень галасавання, ролю дэпутатаў раённага і мясцовага ўзроўняў у вырашэнні пытанняў насельніцтва ды іншыя важныя накірункі абмеркавалі на семінар-вучобе ў Мёрскім райвыканкаме. Яго слухачамі былі намеснікі кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце і адказныя за арганізацыю работы з моладдзю.

Паводле старшыні раённага Савета дэпутатаў Валерыя Драба, у 2024 годзе электаральная кампанія пройдзе ў новых умовах.

“Упершыню ў адзіны дзень галасавання абяром адразу прадстаўнікоў у мясцовыя Саветы і парламент. Гэтыя змяненні ў Канстытуцыю адобрыла насельніцтва падчас рэферэндуму 2022 года. Яшчэ ў ліку новаўвядзенняў – умацаванне статусу УНС”, - сказаў Драба.

Чыноўнік дадаў, што Беларусь – адносна маладая дзяржава і спрабуе сістэму, якая прынясе ёй найбольшую карысць.

“У 1994-м зрабілі стаўку на прэзідэнцкую форму кіравання, калі ўлада была сканцэнтравана ў адных руках, і яна сябе апраўдала. Гэта дазволіла дзяржаве развівацца і захоўваць сваю незалежнасць. Цяпер паўнамоцтвы будуць пераразмеркаваны паміж Усебеларускім народным сходам, прэзідэнтам, парламентам і ўрадам. Збалансаваная сістэма не дазволіць разбурыць краіну ў выпадку парушэння палітычнай стабільнасці”, - упэўнены Валерый Драба.

Далей чыноўнік пачаў наракаць на тое, што выбарчая сістэма Беларусі неаднаразова падвяргалася крытыцы з боку апанентаў. У прыватнасці, парадак датэрміновага галасавання. Ён спаслаўся на тое, што гэта міжнародная практыка, бо не кожны грамадзянін можа прыйсці на выбары ў асноўны дзень. Але ж, як заўжды, чыноўнікі не ўдакладняюць, што датэрміновае галасаванне мэтазгоднае ў дэмакратычнай краінах, а пры дыктатуры і таталітарызме менавіта падчас яго выяўляецца больш за ўсё парушэнняў.

Валерый Драба паведаміў прысутным, што краіна ўступіла ў актыўную фазу электаральнай кампаніі і што раней Мёршчына адносілася да Полацкай, а цяпер уваходзіць у склад Докшыцкай выбарчай акругі. У раёне стварылі 30 акругоў для галасавання. Нагадаў ён і пра асаблівасці галасавання. Жыхары райцэнтра атрымаюць тры бюлетэні – з так званымі прадстаўнікамі парламента, абласнога і раённага Саветаў дэпутатаў. Вяскоўцы – на адзін больш, бо абіраюць кандыдатаў яшчэ і ў сельскі.

Валерый Драба заўважыў, што голас кожнага важны, такім чынам заклікаючы да актыўнасці на выбарах. Таксама ён заклікаў цаніць жыццё пад мірным небам, бо яно даецца няпроста.

Акцэнтаваць увагу на пазітыў і дапамагаць уладзе выпраўляць недахопы раіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аксана Ашурка.

“Беларусы часта параўноўваюць свае ўмовы жыцця з тымі, якія маюць жыхары іншых краін, і гэта параўнанне не заўсёды на нашу карысць. Разам з тым Беларусь захоўвае сацыяльны накірунак. У ліку пераваг, якія прадастаўляе сваім грамадзянам, даступная і бясплатная медыцынская дапамога, аплачваемы водпуск па доглядзе дзіцяці, першае гарантаванае рабочае месца”, - сказала галоўны ідэолаг Мёраў.

Семінар-вучоба ў Мёрскім райвыканкаме для намеснікаў кіраўнікоў па ідэалагічнай рабоце скончыўся справаздачай пракурора раёна Андрэя Вецюгова пра  ход крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа падчас Другой сусветнай вайны і выступам начальніка Мёрскага РАУС Уладзіміра Бондарава пра адказнасць за так званыя экстрэмісцкія дзеянні.

Зінаіда Лошыца