Панядзелак, 04 Красавік 2016

Мікола Статкевіч: Калі апазыцыя не аб'яднаецца, ёй на зьмену прыйдзе іншая «апазыцыя», бо Пуцін мае тут шмат прыхільнікаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Мікола Статкевіч Мікола Статкевіч

Шырока анансаваная ў Віцебску сустрэча з адным з самых уплывовых апазыцыйных палітыкаў краіны Міколам Статкевічам адбылася 31 сакавіка ў прызначаны час і ў прызначаным месцы.

Стрыжнем размовы старшыні аргкамітэту па стварэньні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» зь віцебчукамі сталася пытаньне пра неабходнасьць правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў.

Запытаўшыся ў прысутных, што можа зрабіць беларускае грамадзтва ва ўмовах крызысу, які цяпер перажывае краіна, палітык сам даў адназначны адказ на сваё пытаньне: «Уратаваць краіну».

Мікола Статкевіч упэўнены: нават пры самым драматычным разьвіцьці падзеяў – узьнікненьні масавых сацыяльных забурэньняў – грамадзтва можа зрабіць іх арганізаванымі. Гэта неабходна дзеля таго, каб не пралілася кроў, каб прымусіць уладу самой расплачвацца за свае памылкі. Неабходна гэта і дзеля таго, каб праз сацыяльныя пратэсты, узначаленыя арганізаванай апазыцыяй, паўплываць на кіраўніка дзяржавы. Дзеяздольная апазыцыя – гэта яшчэ і сродак супрацьстаяць магчымай расейскай агрэсіі пры масавых забурэньнях.

На думку палітыка, улада добра разумее, што моцная, арганізаваная апазыцыя зьяўляецца яе найгалоўнейшай пагрозай, і робіць усё, каб не дапусьціць аб'яднаньня апазыцыі. У пацьверджаньне сваіх словаў ён прывёў цытату з дакладу Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Летувы: «Асноўная мэта КДБ палягае ў тым, каб апазыцыя была расколатая, каб ня мела магчымасьцяў стаць рэальнай палітычнай альтэрнатывай цяперашняй беларускай уладзе».

Патлумачыў Мікола Статкевіч і тое, чаму палічыў неабходным падтрымаць ідэю беларускай інтэлігенцыі па стварэньні аргкамітэту для правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Патрэба ў кангрэсе даўно насьпела, але дзеля рэалізацыі задумы ініцыятыва мусіла сыходзіць з колаў, не заангажаваных у палітыку, дзе амбіцыі часам бяруць верх над здаровым сэнсам. 

Паводле Статкевіча, першая мэта кангрэсу – сказаць беларускаму народу пра рэальную сытуацыю, у якой апынулася краіна, і як сытуацыя будзе разьвівацца далей. Неабходна даць адказы на пытаньні: «Што здарылася з намі?», «Чаму здарылася?», «Куды мы пойдзем далей?», «Што трэба рабіць, каб наша краіна выйшла з крызысу, каб мы пачалі жыць лепш за суседзяў?», «Што мусіць рабіць дэмакратычная апазыцыя?». Хаця адказ на апошняе пытаньне відавочны: «Яна павінна кансалідавацца». Трэба ствараць агульную кансультацыйную пляцоўку для выпрацоўкі агульнай тактыкі і агульнай стратэгіі. Пакуль справа рухаецца ня проста.

Былы кандыдат у прэзыдэнты і палітвязень распавёў актывістам Віцебску, што ўжо цяпер ідзе распрацоўка праекту эканамічнай рэформы для краіны. Працоўную групу, куды ўваходзяць вядомыя беларускія эканамісты, узначальвае Леанід Злотнікаў.

Палітык зьвярнуў увагу на неадназначнае стаўленьне апазыцыйных партыяў да сёлетніх парлямэнцкіх выбараў. Але трэба разумець, адзначыў ён, што нават ва ўмовах адсутнасьці рэальных выбараў, – адна рэч, калі апазыцыйныя кандыдаты ідуць агульным сьпісам, і зусім іншая, калі кожная партыя сама па сабе.

Сёньня дэмакратычная беларуская апазыцыя не зьяўляецца рэальным палітычным суб'ектам, адзначыў Мікола Статкевіч. Трэба ўлічваць і тое, што пры драматычным разьвіцьці падзеяў ёсьць пагроза зьяўленьня ў краіне іншай апазыцыі, таму аб'яднаньне насьпела, як ніколі. Прысутныя на сустрэчы месьцічы пагадзіліся з такой высновай апазыцыйнага палітыка і паставіліся прыхільна да ініцыятывы правядзеньня кангрэсу.