Серада, 29 Жнівень 2018

Тролі ў дзеяньні. У інтэрнэце зьявіўся абразьлівы фэйк ад імя віцебскай журналісткі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Фэйкавы допіс у сацсетцы Алены Шабуні Фэйкавы допіс у сацсетцы Алены Шабуні

Чарговай мішэньню невядомых, якія праз сацыяльныя сеткі спрабуюць скампрамэтаваць актывістаў Віцебску, сталася сябра аргкамітэту партыі БХД, журналістка-фрылянсэрка Алена Шабуня. Скрыншот допісу, які нібыта быў зроблены з акаўнту Алены, зьявіўся ў Фэйсбуку 23 жніўня на старонцы "Саша Пятроў".

Фатаграфія ўладальніка згаданай старонкі і хоць якая-небудзь канкрэтная інфармацыя пра яго адсутнічаюць.

Стваральнікі скрыншоту напісалі тэкст, у якім абражаецца кіраўніцтва аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», і змантавалі яго са старонкай Алены. А пасьля рассылалі паведамленьні са спасылкай на гэты скрыншот сябрам віцебскай актывісткі.

Вось як сама спадарыня Алена пракамэнтавала такую павышаную ўвагу да яе асобы з боку невядомых:

«Абрыдла ўсё гэтае паскудзтва. Нават чытаць і глядзець, што там напісана, не хачу. Так званы Саша Пятроў даўно заблякаваны і ня можа нічога мне даслаць. Гэта ўсё той самы, ці тыя самыя асобы ў чалавечым абліччы, якія з пэўнай пэрыядычнасьцю спрабуюць выліць на віцебскіх актывістаў БХД фэкаліі. Да нас бруд не даходзіць, а ад іх (стваральнікаў фэйкавых старонак, мярзотных відэа і артыкулаў) вельмі  сьмярдзіць – наўрад ці адмыюцца яны ад гэтага смуроду. Яны адпрацоўваюць свой заробак, які, мабыць, ужо дасягнуў 1000 абяцаных даляраў. Шкада і іх, і іх родных, бо ніводная капейка ня пойдзе ім на карысьць. Зычу ім пакаяньня».

Гэта ўжо ня першая спроба распаўсюду фальшывай інфармацыі, накіраванай на дыскрэдытацыю дзейнасьці як прадстаўнікоў мясцовай дэмакратычнай супольнасьці, так і незалежных журналістаў.

Так, сёлета ў студзені ў Фэйсбуку зьявілася фэйкавая старонка віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава. На ёй нехта разьмясьціў дзьве спасылкі на правакацыйныя відэаролікі пра сябра партыі БНФ і руху «За свабоду» Хрыстафора Жаляпава, які на той момант быў кандыдатам у дэпутаты на мясцовых выбарах. Спасылкі суправаджаліся камэнтаром, напісаным нібыта праваабаронцам, што ён ня хоча супрацоўнічаць з Жаляпавым.

Затым, ужо ў траўні, на рэсурсе Ютуб невядомымі быў разьмешчаны відэаролік, у якім утрымлівалася абразьлівая і непраўдзівая інфармацыя, што тычылася незалежных журналістаў і дзейнасьці тэлеканалу «Белсат». Стваральнікамі роліку былі ўзятыя фатаграфіі журналістаў з інтэрнэту і зь іх асабістых старонак у сацыяльных сетках, змантаваныя; а закадравы голас невядомага чалавека іх камэнтаваў у абразьлівай і прыніжальнай форме. У тым роліку фігуравалі імёны Алены Шабуні, Віталя Скрыля, Уладзімера Лунёва і Зьмітра Лупача. Тады Алена не надала гэтаму роліку вялікага значэньня, а вось іншы журналіст, Віталь Скрыль, падаў скаргу ў Кастрычніцкі РАУС гораду Віцебску.

Уладзімер Бяляўскі