Чацвер, 21 Снежань 2017

Пайшоў з жыцьця віцебскі журналіст Уладзімер Жыгулоў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Уладзімер Жыгулоў Уладзімер Жыгулоў

У ноч на 20 сьнежня на 79-м годзе жыцьця памёр вядомы журналіст Уладзімер Жыгулоў.

Уладзімер Хведаравіч быў адным зь піянэраў незалежнай журналістыкі ў рэгіёне, што паўстала за часам распаду Савецкага Саюзу і аднаўленьня беларускай дзяржаўнасьці. На пачатку 1990-х ён супрацоўнічаў з такімі газэтамі як «Выбар» «Віцебскі кур'ер», «Народнае слова». Калі пасьля кароткага пэрыяду дэмакратыі надышлі цяжкія часы для вольнай прэсы, ён пачаў пісаць для электронных незалежных мэдыяў – стала публікаваўся на сайтах «Народныя навіны Віцебска», «Свабодны рэгіён» і інш.

Артыкулы Ўладзімера Жыгулова заўсёды былі злабадзённымі, ён не ішоў на кампрамісы і, не пазіраючы на абліччы, не баяўся крытыкаваць уладных людзей.

Абвостранае пачуцьцё справядлівасьці прывяло журналіста ў шэрагі праваабаронцаў. Шмат гадоў ён зьяўляўся актыўным сябрам Беларускага Хэльсынскага Камітэту.

Нават калі арганізм пачаў даваць збоі – спадар Уладзімер перажыў некалькі інcультаў – ён не спыніўся і працягваў займацца сваёй прафэсійнай дзейнасьцю аж да апошніх дзён.

Рэдакцыя «Віцебскай вясны» выказвае шчырыя спачуваньні блізкім і сваякам Уладзімера Жыгулова. Вечная памяць!

Разьвітаньне з Уладзімерам Хведаравічам будзе праходзіць з 12:00 да 13:00 22 сьнежня ў рытуальнай залі Віцебскага шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі.