Аўторак, 29 Красавік 2014

Наваполацкі аддзел унутраных спраў ладзіць праверку “Свабоднага рэгіёну”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Вадзім Драздоў Вадзім Драздоў

“Свабодны рэгіён” – гэта нефармальная суполка, якая мае аргкамітэт па стварэньні паўнавартаснага грамадзкага аб’яднаньня. Аднадумцы стварылі інтэрнэт-старонку http://freeregion.info. Некаторыя з разьмешчаных там матэрыялаў і прыцягнулі ўвагу міліцыі, тлумачыць заснавальнік сайту Вадзім Драздоў.

Спадар Драздоў ужо некалькі гадоў жыве ў Швэйцарыі, аднак кажа, што супрацоўнікі міліцыі пільна цікавяцца ягонай асобай:

“Я ведаю, што мяне шукала міліцыя – пра гэта паведамілі жыхары суседняй кватэры, якая знаходзіцца побач з той, дзе раней жыў я. Усьведамляючы, што цікаўнасьць з боку міліцыі проста так не ўзьнікае, я папрасіў сваякоў ад майго імя зьвярнуцца да адваката. Такім чынам і ўдалося высьветліць, што ў дачыненьні да мяне ладзіцца праверка”.

Паводле Вадзіма Драздова, які спасылаецца на словы адваката, праверка вядзецца ад пачатку красавіка. У прыватнасьці, супрацоўнікі міліцыі зьвярнулі ўвагу на тое, што на сайце, заснавальнікам якога зьяўляецца Вадзім Драздоў, зьяўляюцца артыкулы крытычнага зьместу.

“Людзі дасылаюць нам для публікацыі сапраўдныя дакумэнты, таксама ў нас ёсьць некалькі блогаў, дзе пішуць вядомыя ў рэгіёне асобы, у прыватнасьці “ўрач-праўдаруб” Ігар Пастноў, якога летась прымусова накіравалі ў “псыхушку” пасьля шэрагу крытычных выступаў… У беларускім крымінальным кодэксе ёсьць артыкул 369-1 “Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь”, і праверка, наколькі мне вядома, якраз і праводзіцца з мэтай высьветліць, ці не падпадае зьмест некаторых крытычных тэкстаў з нашага сайту пад гэты артыкул,” – гаворыць спадар Драздоў.

Апрача гэтага, супрацоўнікі Наваполацкага ГАУС праводзяць праверку і ў рэчышчы крымінальнага артыкулу 193-1, які прадугледжвае адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. У прыватнасьці, кажа заснавальнік сайту, гаворка вядзецца пра артыкул наконт акцыі да ўгодкаў Чарнобыльскай трагедыі, якую хацелі правесьці сябры аргкамітэту па стварэньні грамадзкага аб’яднаньня “Свабодны рэгіён”, і якая была забароненая мясцовымі ўладамі. А таксама пра запрашэньне да супрацоўніцтва ўсіх неабыякавых людзей, якія хацелі б паспрабаваць сябе ў якасьці аўтараў тэкстаў для сайту або валянтэраў розных кампаніяў праваабарончага накірунку.

Вынікі праверкі пакуль невядомыя. Калі супрацоўнікі міліцыі вырашаць, што ў дзейнасьці Вадзіма Драздова ёсьць склад злачынства, і з улікам таго, што актывіст – грамадзянін Рэспублікі Беларусь, супраць яго можа быць ініцыяваная крымінальная справа паводле беларускага заканадаўства.

Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"