Блогерку Алену Янушкоўскую і яе дачку Юлію Ўласенка затрымалі амапаўцы падчас «ланцугу салідарнасьці» 19 чэрвеня ў Віцебску. Алену судзілі 22 чэрвеня, калі яна яшчэ знаходзілася ў ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ), і аштрафавалі на 45 базавых велічынь. Справу Юліі Ўласенка разгледзеў суд Віцебскага раёну 24 чэрвеня.

Жыхарку Віцебску Тацяну Філімонаву судзілі два дні. 22 чэрвеня судзьдзя Алена Грабянчук накіравала дакументы на дапрацоўку ў міліцыю, а назаўтра аштрафавала дзяўчыну на 10 базавых велічынь (270 рублёў). Судзьдзя прызнала Філімонаву вінаватай у парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах толькі на падставе міліцэйскіх відэаздымак, паведамляе Беларускае Радыё Рацыя.

У панядзелак 22 чэрвеня ў розных судах Віцебску судзілі ўдзельнікаў цалкам законных масавых мерапрыемстваў, якія ладзіліся для збору подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнцтва і якія трактаваліся міліцыянтамі як несанкцыянаваныя пікетаваньні. Сёньня паводле артыкулу 23.34 КаАП аштрафавалі трох віцяблян на агульную суму 2 тыс. 700 рублёў (100 базавых велічынь).

У пятніцу 20 чэрвеня суд Віцебскага раёну на падставе ч.1 арт 17 КаАП (дробнае хуліганства) пакараў віцебчука Аляксандра Дуброўскіх 10 соднямі адміністрацыйнага арышту. Мужчына прызнаны вінаватым у тым, што з хуліганскіх намераў сарваў дзяржаўны сьцяг на пароме ў пасёлку Сураж Віцебскага раёну.

У чацьвер 18 чэрвеня суд Кастрычніцкага раёну Віцебску прызнаў Людмілу Валадкевіч вінаватай у парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.1 арт. 23.34) і пакараў яе штрафам у памеры 20 базавых велічынь (540 рублёў). Гэтак пастанавіў судзьдзя Уладзімер Царыкаў.