Суддзя суда Аршанскага раёна і Оршы Юлія Вяршыніна 26 сакавіка за няяўку на мерапрыемствы па прызыве ў войска аштрафавала на 120 рублёў беспрацоўнага Данііла Ксянзова.

Суддзя Дубровенскага раёна Ігар Татаеў 25 сакавіка за «экстрэмізм» у сацыяльнай сетцы аштрафаваў на 400 рублёў маці двух малалетніх дзяцей Юлію Ціханенку.

Пракуратура Віцебскай вобласці накіравала ў суд Докшыцкага раёна крымінальную справу па абвінавачанні работніка адной з дзяржаўных устаноў у атрыманні незаконных узнагарод і выкраданні маёмасці. Пра гэта паведамілі ў службе інфармацыі пракуратуры Віцебскай вобласці.

Суддзя суда Пастаўскага раёна Наталля Максімовіч 26 сакавіка за распаўсюджванне "экстрэмізму" ў сацыяльнай сетцы арыштавала на 5 сутак ветэрана вайны ў Афганістане Юрыя Каравацкага.

3 красавіка суд Вушацкага раёна Віцебскай вобласці пастанавіў лічыць «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» змест старонкі    «andrew_fanatik" у Instagram з ідэнтыфікатарам  https://www.instagram.com/andrew_fanatik. На гэтай старонцы можна ўбачыць выявы легендарнага «жывемабіля» - мікрааўтобуса VW Transporter T3 , які Андрэй Кулакоў перафарбаваў у колеры нацыянальнага сцяга, і які ездзіў па Віцебску ў дні грамадскіх пратэстаў 2020г.  Таксама там ёсць і выявы «украінамабіля» - мікрааўтобуса, набытага пасля ад'езду з Беларусі, на якім Андрэй Кулакоў займаўся валанцёрскай дзейнасцю ў пасля нападу на Украіну.