Чацвер, 30 Май 2024

Улады ліквідавалі яшчэ адну маладзёжную некамерцыйную спартовую арганізацыю

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Суддзя Віцебскага абласнога суда Таццяна Дзегцярова 28 траўня прыняла рашэнне ліквідаваць Полацкае моладзевае грамадскае аб'яднанне «Міні-футбольны клуб «Алімп». Ініцыятарам знішчэння грамадскай арганізацыі выступіла Галоўнае ўпраўленне юстыцыі Віцебскага аблвыканкама. Пасля ліквідацыйных працэдур у вобласці застанецца ўсяго 14 недзяржаўных маладзёжных аб'яднанняў.

ПМГА «Міні-футбольны клуб «Алімп» быў зарэгістраваны ў верасні 2012 года з мэтай садзейнічаць духоўнаму і фізічнаму ўдасканаленню полацкай моладзі праз развіццё міні-футбола ў горадзе.

У апошні час у "Алімпе" актыўна працавала 11 "фанатаў міні-футбола". Іх намаганнямі штогод праводзіліся гарадскія турніры па міні-футболе на прызы гарадской арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Белая русь", а таксама Адкрытыя чэмпіянаты па гэтым відзе спорту для каманд з Полацка і Наваполацка. У гэтых спаборніцтвах кожны раз прымалі ўдзел больш за сто юных спартсменаў. Усе гэтыя мерапрыемствы сябры арганізацыі праводзілі за асабісты кошт без удзелу іншых спонсараў.

Маргарыта Часцякова