Серада, 22 Май 2024

За «экстрэмізм» у сацсетцы ўлады арыштавалі інжынера

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Суддзя суда Шумілінскага раёна Іна Грабоўская 10 траўня за «экстрэмізм» у сацыяльнай сетцы пакарала арыштам на 7 сутак працуючага інжынерам-механікам лесхаза Аляксея Логінава.

У пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні запісана тое, што Аляксей, на сваёй старонцы ў сацсетцы «Аднакласнікі», захоўваў у адкрытым для агляду іншым асобам інфармацыйную прадукцыю інтэрнэт-супольнасцяў: «Я СУПРАЦЬ ГЭТАГА РЭЖЫМУ!!!», «STOPLUKA», «Люстэрка. Навіны» і «Мы супраць дэкрэта аб дармаедах». Гэтыя аб'яднанні раней уладамі былі занесены ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Мужчына ў судовым паседжанні віну ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння прызнаў цалкам. Факт адміністрацыйнага правапарушэння не адмаўляў.

З улікам доказаў і на падставе ч.2 арт. 19.11 КаАП суддзя Грабоўская падвергла Логінава адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе арышту тэрмінам на сем сутак і канфіскавала ў даход дзяржавы належны «правапарушальніку» мабільны тэлефон.

Стэфанія Ражэўская