Пятніца, 08 Сакавік 2024

Дырэктарку прафліцэя Ірыну Кісялёву, уганараваную званнем "Жанчына года-2021", асудзілі за перавышэнні службовых паўнамоцтваў і злоўжыванні імі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Дырэктарка полацкага прафліцэя сельгасвытворчасціІрына Кісялёва – адна з тых, каго афіцыйныя СМІ савілі ў прыклад, галоновае міністэрства ўзнагароджвала граматамі і падзякамі, а ўлады шанавалі за адданую працу. Але «адданая» - не абавязкова «чэсная». Следчыя высветлілі, што жанчына неаднаразова здзяйсняла махінацыі з заробкамі сваіх падначаленых і выкарыстоўвала службовае становішча ва ўласных інтарэсах. 28 лютага ў судзе Полацка і Полацкага раёна агучылі вырак Ірыне Кісялёвай: пазбаўленне волі на тры гады з адтэрміноўкай на два гады. А таксама яе пазбавілі права займаць кіраўнічыя пасады цягам пяці гадоў.

Паводле матэрыялаў крымінальнай справы, жанчына ў студзені 2019 года фіктыўна ўладкавала на працу ў ліцэй, якім кіравала, свайго грамадзянскага мужа. Такім чынам, са студзеня 2019 года да верасня 2021 года «ліпаваму супрацоўніку» неабгрунтавана налічвалі заробак і іншыя выплаты на агульную суму 28 495,20 рубля.

Апрача гэтага, дырэктарка забірала частку заробку ў супрацоўнікаў для пакрыцця за іх кошт фінансавых патрэбаў установы, якой кіравала. З сакавіка 2019 года да кастрычніка 2022 года яна спагнала з сямі супрацоўнікаў не менш за 6470 рублёў.

У шматлікіх інтэрв'ю дзяржаўным СМІ Ірына Кісялёва, распавядаючы пра свой працоўны шлях, неаднаразова падкрэслівала, што ў школьныя гады марыла вучыцца на юрыдычным факультэце і стаць следчай. У сталым узросце жанчына сама апынулася пад следствам, а потым і пад судом.

Марыя Клімовіч