Серада, 06 Снежань 2023

У Глыбокім на 8 сутак арыштавалі ўраджэнку Расіі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Як стала вядома, 20 лістапада ў Глыбокім судзілі ўраджэнку Прыморскага краю Расіі, якая ўжо шмат год жыве ў Беларусі, Алену Крыўко.

Суддзя Аляксандр Аляксеенка судзіў 61-гадовую жанчыну па двух артыкулах - частцы 1 артыкула 24.23 КаАП РБ (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) і па частцы 2 артыкула 19.11 КаАП РБ (Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць). У віну ёй ставілася тое, што яна на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” размясціла, то бок лайкнула, некалькі матэрыялаў з недзяржаўных СМІ, якія ўлады ўключылі ў так званы спіс “экстрэмістаў”.

Алену Крыўко абвінавацілі і ў адзіночным пікеце без дазволу глыбоцкіх уладаў, бо яна ў адкрытым доступе ўсё ў той жа сетцы размясціла і захоўвала публікацыю з выявай нацыянальнага сцяга бел-чырвона-белага колеру. Такім чынам жанчына, па меркаванні ўладаў, выказала асабістыя погляды на падзеі грамадска-палітычнага жыцця ў краіне.

Паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП РБ суддзя Аляксеенка прысудзіў глыбачанцы 5 сутак арышту, а па частцы 1 артыкула 24.23 КаАП РБ – 3 сутак, што агулам склала 8 сутак арышту. Тэлефон у Алены Крыўко суд не канфіскаваў.

Дзіяна Вырва