Аўторак, 28 Лістапад 2023

Улады спынілі адміністрацыйную справу за недазволены пікет

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Старшыня суда Шумілінскага раёна Іна Грабаўская 11 лістапада спыніла адміністрацыйную справу ў дачыненні да жыхара Віцебска Андрэя Прыстаўкі, якому ўлады ставілі ў віну правядзенне пікету, на які ён не атрымаў адпаведнага дазволу ад кіраўніцтва мясцовага райвыканкама. Суддзя палічыла, што двухмесячны тэрмін для пакарання мужчыны скончыўся.

Згодна з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні, работнікі РАУС устаноўлена, што мужчына ў сацыяльнай сетцы "Facebook" ("Meta") на сваім акаўнце размясціў публікацыю, звязаную з грамадска-палітычным жыццём у якім мелася яго фатаграфія з выявай сцяга бел-чырвона-белага колеру.

Гэты факт міліцыянты расцанілі як "пікетаванне без адпаведнага дазволу выканаўчых і распарадчых органаў, чым з'яўляючыся ўдзельнікам дадзенага масавага мерапрыемства". Пры гэтым у пратаколе нічога не сказана, да якой даты Андрэй размяшчаў фотаБЧБ на сваім акаўце ў сацыяльнай сетцы.

Тым не менш судом устаноўлена, што да моманту разгляду справы скончыўся двухмесячны тэрмін, на працягу якога было магчыма прыцягненне Прыстаўкі да адказнасці за адміністрацыйнае правапарушэнне па арт. 24.23 КаАП.

Ягор Уткін