Субота, 28 Кастрычнік 2023

За пікет і «экстрэмізм» улады аштрафавалі ксяндза з Новалукомля

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суддзя суда Чашніцкага раёна Ганна Смірнова 27 кастрычніка за распаўсюджванне “экстрэмізму” і правядзенне масавага мерапрыемства ў сацыяльнай сетцы пакарала штрафам у памеры 1850 рублёў ксяндза Мікалай Ліпскі, які служыць у касцёле Святой Марыі Магдалены ў Навалукомлі Чашніцкага раёна.

 У судовым паседжанні высветлілася, што Мікалай доўгі час у сацыяльных сетках быў падпісаны на інфармацыйныя рэсурсы, якія ўлады ўнеслі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Акрамя таго, работнікі мясцовага раённага аддзялення міліцыі выявілі ў святара розныя выявы бел-чырвона-белага сцяга, які ўлады лічаць сімвалам выказвання грамадзянамі сваіх грамадска палітычных поглядаў. А згодна з дзейным заканадаўствам дэманстрацыя фатаграфій БЧБ-сцяга ў сацыяльных сетках без дазволу ўладаў прыраўнена да правядзення незаконнага пікету.

Зыходзячы з фактычных матэрыялаў справы суддзя Смірнова на падставе ч.2. ст. 19.11 і ч.1 арт. 24.23 КаАП аштрафавала ксяндза Мікалая Ліпскага ў даход дзяржавы на агульную суму 1850 рублёў і канфіскавала ягоны тэлефонны апарат.

Ларыса Гушчына