Панядзелак, 23 Кастрычнік 2023

За праяву «экстрэмізму» ў сацыяльных сетках улады чатыры разы запар арыштавалі жыхара Оршы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Суддзя суда Аршанскага раёна і Оршы Святлана Кузьмічонак за падпіскі на «экстрэмісцкія» інфармацыйны рэсурсы ў сацыяльных сетках арыштавала на 15 сутак Сяргея Вальковіча. Гэта чацвёрты арышт былога работніка міліцыі запар. Сумарны тэрмін арыштаў ужо дасягнуў 37 сутак.

Падчас суда высветлілася, што Сяргей быў падпісаны ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» на каналы «Мая Краiна Беларусь», «Радыё Свабода» і «Белсат». Раней беларускімі ўладамі гэтыя крыніцы інфармацыі былі ўключаны ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У судовым паседжанні мужчына сваю віну прызнаў цалкам, ад даследавання доказаў па справе адмовіўся.

У выніку, на падставе прызнання Вальковічам сваёй датычнасці і вінаватасці ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, суддзя Кузьмічонак кіруючыся ч.2 арт.19.11 КаАП пакарала былога міліцыянта арыштам тэрмінам на пятнаццаць сутак без канфіскацыі прылад і сродкаў правапарушэння.

Тамара Ларына