Пятніца, 06 Кастрычнік 2023

За падпіску на дзве «экстрэмісцкія» супольнасці ўлады арыштавалі рамесніка

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Суддзя суда Верхнядзвінскага раёна Таццяна Кукліна 26 верасня за падпіскі на «экстрэмісцкія» інтэрнэт-супольнасці пакарала арыштам на 7 сутак рамесніка Паўла Кавалевіча.

Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, які супрацоўнікі міліцыі перадавілі ў суд, утрымліваў звесткі аб тым, што Павел меў падпіску на суполкі “NEXTA” і “Стачка ААТ “Нафтан”, у сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”, якія ўлады залічылі да экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У судовым паседжанні мужчына сваю віну прызнаў цалкам. Патлумачыў, што меў падпіску супольнасці, дзе перачытваў навіны і глядзеў трансляцыі гульнявых матчаў па футболе. Пасля прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці па ч.1 арт.23.34 КаАП выдаліў усе сацыяльныя сеткі і месэнджэры. Год таму аднавіў сваю асабістую старонку ў сацыяльнай сетцы “ВКонтакте”. І не ведаў аб тым, што пасля аднаўлення выдаленага профіля на асабістай старонцы захавалася падпіска на супольнасць "Стачка ААТ "Нафтан".

Але суддзя Кукліна палічыла, што ў дзеяннях Паўла Кавалевіча ўтрымліваецца склад правапарушэння, якое адносіцца да катэгорыі грубых адміністрацыйных правапарушэнняў і накіравана на дэстабілізацыю грамадска-палітычнай абстаноўкі ў грамадстве і дзяржаве. І на падставе ч.2 арт.19.11 КаАП падвергла яго арышту на тэрмін 7 сутак без канфіскацыі прыналежнага яму тэлефона.

Галіна Істоміна