Чацвер, 05 Кастрычнік 2023

Іллю Двойрына, які абліў белай фарбай машыну з літарай «Z», Наваполацкі суд зноў пасадзіў на 15 сутак

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Роўна праз тыдзень пасля таго, як 53-гадовага работніка “Нафтана” Іллю Двойрына прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства) за аблітую белай фарбай машыну прарасейскага актывіста і пакаралі пазбаўленннем волі на адзін год умоўна, ён зноў апынуўся ў пастарунку, а потым у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

Мужчыну, паводле звестак праваабаронцаў, затрымалі на рабочым месцы. Паводле якога артыкула яму прысудзілі новы арышт на 15 сутак, пакуль не вядома.

Інцыдэнт з аўтамабілем, які належаў вядомаму прарасейскаму актывісту Сяргею Юдаеву і быў прыпаркаваны каля наваполацкага гарадскога аддзела міліцыі, здарыўся 1 ліпеня гэтага года. Ілля Двойрын быў затрыманы і змешчаны пад варту. Пакуль мужчына знаходзіўся за кратамі, яго прызналі вінаватым паводле адміністрацыйнага артыкула 24.23 – за нібыта несанкцыянаванае пікетаванне. У судзе быў агучаны пратакол, паводле якога Двойрын прызнаў, што ўвесну 2023 года ён вырабіў улёткі з выявай прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і тэкстам антываеннага характару, і 16 траўня расклеіў іх на прыпынку грамадскага транспарту ў Наваполацку. Суддзя Наваполацкага суду Зінаіда Балаболава пастанавіла пакараць мужчыну 15-цю суткамі арышту.

Тады ж, у ліпені, дома ў Іллі Двойрына быў праведзены ператрус, таксама сілавікі правялі ператрусы па месцы жыхарства ягоных блізкіх сваякоў - сына, нявесткі, жонкі і брата. Пасля праверкі тэлефонаў на «экстрэмісцкія падпіскі» жонку і брата адпусцілі, а на сына і ягоную жонку склалі пратаколы за падпіскі на інтэрнэт- рэсурсы, інфармацыйная прадукцыя якіх прызнана экстрэмісцкай. Ім абодвум таксама прысудзілі па 15 сутак арышту.

Пад увагу сілавых структураў Ілля Двойрын трапіў яшчэ ў 2020г. - яго затрымлівалаі за ўдзел у пратэстах супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Міхась Торба