Панядзелак, 25 Верасень 2023

У Полацку судзілі вяскоўца, які скраў з «казённага» поля 7 бульбін на суму 92 капейкі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

6 верасня у судзе Полацка і Полацкага раёна разбіралі справу, распачатую паводле артыкула 11.1 КаАП («Дробы крадзеж»). Падсудным быў вясковец Віктар П., які цалкам прызнаў сваю віну ў тым, што быў нападпітку і, праходзячы па бульбяным полі, узяў для сябе асабіста 7 бульбін.

Важыла ягоная «здабыча» 1, 05 кг. Паколькі кошт бульбы -- 0,88 кап. за кг, атрымалася, што ён нанёс урон сельскай гаспадарцы на 92 капейкі.
Суддзя Раіса Штуро не стала караць вяскоўца, спыніўшы справу за нязначнасцю нанесенай школы.

Да слова, паводле арт. 11.1 КаАП, калі матэрыяльны кошт скрадзенага не перавышае 10 базавых велічынь, вінаватаму могуць прысудзіць штраф памерам ад 2 да 30 базавых велічынь, грамадскія працы ці арышт. Паводле заканадаўства, пакараць могуць нават за адзін бурак ці бульбіну. Калі ж кошт скрадзенага перавышае 10 базавых велічыняў, злодзея прыцягваюць да крымінальнай адказнасці.

Рыгор Цялятка