Пятніца, 14 Ліпень 2023

Алега Яфрэменку, палітвязня з Віцебска, будуць другі раз судзіць за кратамі. Суд 25 ліпеня

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцяблянін, якога асудзілі за падсечку міліцыянту падчас мірных маршаў 2020г., цяпер адбывае пакаранне ў Горацкай калоніі №9. У снежні 2020г. суд Першамайскага раёна г. Віцебска пакараў яго чатырма з паловай гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Пазней суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў палітвязня парушальнікам рэжыму ўтрымання і за нібыта непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы прысудзіў яшчэ год калоніі. Цяпер яго зноў вінавацяць у сістэматычных парушэннях паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага Кодэкса – гэта ўжо другая справа, вынікам якой мае стаць пагаршэнне ўмоваў адбыцця пакарання.

Раней палітвязню ўжо ўзмацнялі рэжым — у верасні 2021 г. Магілеўскай ПК №15, дзе ён адбываў прысуджаны тэрмін, Алега Яфрэменку перавялі ў турму №4 г. Магілёва. Вядома, што адміністрацыя магілёўскай турмы рэгулярна змяшчала палітвязня ў ШІЗА.

У лістападзе 2022г. Яфрэменку перавялі ў Горацкую ПК №9. Адміністрацыя цісне на палітвязня і тут: яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА, а нядаўна распачалі чарговую справу на нібыта непадпарадкаванне патрабаванням кіраўніцтва калоніі. Палітвязню зноў пагражае перавод ва ўмовы турэмнага зняволення.

Першапачатковая правіна Алега Яфрэменкі палягала ў тым, што ён зрабіў падсечку міліцыянту, той паваліўся і падрапаў далоні. Свае віны Яфрэменка не адмаўляў, а падчас судовага працэсу нават папрасіў прабачэння ў супрацоўніка міліцыі. Той запатрабаваў грашовай кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў. Суд задаволіў гэтае патрабаванне, прызнаўшы Яфрэменку вінаватым у злачынстве паводле артыкулу 364 Крымінальнага Кодэкса («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных спраў»).

Феліцыян Красоўскі