Серада, 05 Ліпень 2023

Улады арыштавалі жыхара Новалукомля за фатаграфію на фоне «Жывемабіля»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суддзя суда Чашніцкага раёна Таццяна Заруба 20 чэрвеня пакарала арыштам на 15 сутак Ігара Муравіцкага. Па версіі ўладаў "правапарушальнік" правёў у сацыяльных сетках пікет, на які не атрымаў дазволу ў чыноўнікаў мясцовага райвыканкама, а падчас масавага мерапрыемства выказваў свае грамадска-палітычныя інтарэсы.

Згодна з пратаколам паступіўшага ў суд з міліцыі, Муравіцкі ў жніўні 2020 года ў Віцебску сфатаграфаваўся побач з аўтамабілем, пафарбаваным у бел-чырвона-белы колер, на якім быў надпіс "Жыве Беларусь". Але для правядзення масавага мерапрыемства ён не меў дазволу ад кіраўніцтва Чашніцкага райвыканкама.

У судзе «правапарушальнік» патлумачыў, што прызнае факт таго, што ён сапраўды зрабіў фота на фоне «жывемабіля» і выклаў яе сваёй асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы «ВКантакце». Пры гэтым ён не меў мэты на правядзенне пікетавання і публічна выказаць свае палітычныя погляды.

Тым не менш суддзя Заруба пагадзілася з версіяй працаўнікоў мясцовага РАУС і палічыла даказанай віна Муравіцкага ў правядзенні недазволенага ўладамі пікету. На гэтай падставе судом была прынята пастанова арыштаваць мужчыну на 15 сутак за ўчыненне ім правапарушэння, прадугледжанага ч.1 арт. 24.23 КаАП.

Тамара Зотава