Нядзеля, 25 Чэрвень 2023

Глыбоцкі суд пакараў 15-цю суткамі беспрацоўнага за публікацыі з нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Глыбоцкі суд у асобе суддзі Андрэя Тарасевіча 13 чэрвеня прысудзіў 15 сутак арышту беспрацоўнаму Андрэю Гутару. Яго судзілі паводле двух артыкулаў - частцы 2 артыкула 19.11 КаАП (Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуючай такую дзейнасць) і частцы 1 артыкула 24.23 КаАП (Парушэнне парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства).

Падставай стала тое, што ў сваёй сацыяльнай сетцы “Вконтакте” Андрэй Гутар размясціў дзве публікацыі з выявамі нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга. Паводле суда, ён такім чынам выказаў свае погляды на падзеі грамадска-палітычнага жыцця ў Беларусі, што палічылі пікетаваннем без згоды ўладаў. А таксама пільныя органы ў асобе віцебскіх міліцыянтаў заўважылі на асабістым акаўнце мужчыны ў ютубе так званыя экстрэмісцкія матэрыялы.

За гэта суддзя Глыбоцкага суда Андрэй Тарасевіч прысудзіў беспрацоўнаму, які гадуе малалетняе дзіця, па двух вышэйзгаданых артыкулах 7 і 8 сутак адпаведна, што агулам склала 15 сутак арышту з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння.

Ягор Дым