Серада, 06 Май 2015

Касацыйны суд пакінуў штраф апазыцыйнаму палітыку бязь зьменаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Судзьдзя Віцебскага абласнога суду Сьвятлана Іванова падчас касацыйнага разгляду скаргі кіраўніка абласной арганізацыі партыі БНФ Леаніда Аўтухова вырашыла не зьмяняць рашэньне Гарадоцкага райсуду. Цяпер беспрацоўнаму апазыцыйнаму актывісту прыйдзецца заплаціць дзяржаве штраф у памеры 5,4 млн. рублёў.

Нагадаем, 9 красавіка судзьдзя суду Гарадоцкага раёну Аляксандра Носава прызнала Леаніда Аўтухова вінаватым у парушэньні артыкулу 23.5 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Актывіст БНФ, згодна з рашэньнем судзьдзі, нанёс абразу службовай асобе - начальніку раённага ўпраўленьня па працы, занятасьці і сацыяльным забесьпячэньні Пятру Прасолаву, параўнаўшы яго з тэрарыстамі з Луганску і Данецку ў сваім запісе ў кнізе заўваг і прапаноў райвыканкаму. Гэты запіс Аўтухоў зрабіў пасьля таго, як яго зьнялі з уліку па беспрацоўі. Апазіцыянер упэўнены, што быў пазбаўлены статусу беспрацоўнага незаконна, і гэта адбылося па ўказаньні Прасолава.

Падаць касацыйную скаргу Леаніда падштурхнула тое, што ён не пагадзіўся з пастановай, вынесеным яму судом правінцыйнага Гарадка. На думку «правапарушальніка», суд над ім быў прадузятым, а судзьдзя ня выбрала часу разабрацца ва ўсіх абставінах яго справы, каб вынесьці справядлівае і кампэтэнтнае рашэньне.

У сваёй пазоўнай заяве спадар Аўтухоў згадаў адзінаццаць акалічнасьцяў, на якія мусіла зьвярнуць увагу касацыйная інстанцыя. Апазыцыйны палітык хацеў дамагчыся таго, каб яго справа была разгледжаная паўторна з удзелам іншага судзьдзі суду Гарадоцкага раёну.

Да найбольш значных акалічнасьцяў можна аднесьці сур’ёзныя працэсуальныя парушэньні, якія дапусьціла судзьдзя Гарадоцкага суду. Так, яна не пагадзілася адкласьці судовае паседжаньне для арганізацыі абароны і ўступленьня ў справу адваката. Не была таксама задаволеная просьба «правапарушальніка» аб выкліку важных сьведак па справе. Апроч таго, на думку Аўтухова, судзьдзя ўзяла на сябе адказнасьць ацэньваць словы, запісаныя ў кнізе заўваг і прапаноў гарадокскага выканаўчага камітэту, з пункту гледжаньня іх абразьлівасьці, хаця такое права ёй ня дадзенае працэсуальным законам.

Судзьдзя Іванова не прыняла ніводнага доваду апазыцыянэра. Яе выснова: пакараньне, вынесенае судзьдзёй суду Гарадоцкага раёну А. Носавай, заснаванае на законе і не супярэчыць яму. Яна таксама зрабіла рэмарку, што штраф накладзены не па максімуме па прымененым артыкуле (50 базавых велічынь). А тыя 30 базавых, які атрымаў у выглядзе штрафу Аўтухоў, трэба расцэньваць як гуманнасьць ў дачыненьні да яго з боку яе гарадоцкай калегі.

Просьба апазыцыйнага палітыка замяніць яму штраф на адміністрацыйны арышт была таксама адхіленая, паколькі ў касацыйнай інстанцыі ня можа быць ужытае пакараньне больш суворае, чымся прызначанае судом першай інстанцыі.

Цяпер палітык зьбіраецца зьвярнуцца ў наглядныя судовыя інстанцыі для таго, каб дамагчыся праўды і справядлівасьці, якіх ён не знайшоў у інстанцыі касацыйнай.

Віцебская вясна