Пятніца, 21 Кастрычнік 2022

Суд пастанавіў закрыць арганізацыю, якая займалася рэабілітацыяй дзяцей з інваліднасцю

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Згодна з рашэннем Віцебскага абласнога суда, з 14 верасня знаходзіцца ў стане ліквідацыі Віцебскае грамадскае аб'яднанне "Дзіцячай Актыўнай Рэабілітацыі". Знішчэнне "ДАРа" адбываецца па прадстаўленні Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага выканаўчага камітэта, якім кіруе Сяргей Канапелька. Улічваючы, што закрытая арганізацыя дапамагала дзецям з абмежаванымі магчымасцямі, то напрошваецца відавочная выснова аб тым, што віцебскія ўлады канчаткова расчалавечыліся. 

ГА "Дзіцячай Актыўнай Рэабілітацыі" было зарэгістраванае ўладамі 23 мая 2018 года і за сваю чатырохгадовую гісторыю існавання змагла дапамагчы многім дзецям у якіх былі сур'ёзныя праблемы са здароўем. 

Стварыўшы гэтую грамадскую арганізацыю і працуючы ў ёй на валанцёрскіх пачатках, віцябляне шчыра імкнуліся змяніць грамадскую свядомасць у адносінах да людзей з абмежаванымі магчымасцямі, устараніць сацыяльныя бар'еры і стэрэатыпы.

Для гэтага ДАРаўцы арганізоўвалі сумесны вольны час дзяцей з інваліднасцю і фізічна здаровых людзей, імкнуліся стварыць для хворых дзяцей асяроддзе пражывання, у якім адсутнічалі б пачуцці непатрэбнасці, незапатрабаванасці, дыскрымінацыі і адзіноты. І словы не разыходзіліся са справамі.

Адразу пасля рэгістрацыі, у ліпені 2018 года бацькі, заснавальнікі арганізацыі, і іх дзеці ў складзе каманды «Крылы Анёлаў» прынялі масавы ўдзел у "Славянскім забегу". Разам з імі паўмарафонскую дыстанцыю пераадолеў ураджэнец Оршы, удзельнік Нацыянальнай паралімпійскай зборнай, бізнэсмэн, матывацыйны аратар Аляксей Талай.

У лістападзе 2018 года актывісты арганізацыі далучыліся да сацыяльнага праекту "Новае жыццё ў абмен на вечкі". Яны звярнуліся да жыхароў горада з прапановай прыняць удзел у зборы пластыкавых вечак ад бутэлек з-пад напояў, бытавой парфумерыі і хіміі, якія потым ішлі на перапрацоўку. Атрыманыя падчас акцыі грошы пайшлі на набыццё медыкаментаў, медінвентару і рэабілітацыйнага абсталявання для людзей з інваліднасцю. 

Каб адбывалась камунікацыя дзяцей і іх бацькоў актывісты "ДАР" створыли Ditenok.com, на якім змяшчалася інфармацыя аб дзейнасці арганізацыі. 

І вось адным росчыркам пяра суддзі пастаўлена па-за законам каманда неабыякавых людзей, якая была аб'яднана ідэямі паляпшэння якасці жыцця, сацыяльнага станаўлення, усебаковага развіцця і рэабілітацыі дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. 

Алег Кунін