Чацвер, 15 Верасень 2016

Судзьдзя вырашыў не караць віцебскага апазыцыянэра за псаваньне перадвыбарных плякатаў (відэа, фота)

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Вадзім Кузьмін Вадзім Кузьмін

Кандыдат у дэпутаты ад партыі левых «Справядлівы сьвет» Вадзім Кузьмін абвінавачваўся акруговай камісіяй у прычыненьні матэрыяльнай шкоды на суму 3 рублі 45 капеек. Разгляд справы аб зьдзяйсьненьні адміністрацыйнага правапарушэньня ў судзе Чыгуначнага раёну гораду Віцебску працягваўся паўтары гадзіны, абвяшчэньне пастановы судзьдзём Юрыем Урбанам заняло менш за дзьве хвіліны.

Адміністрацыйны працэс пачаўся з зачытваньня складзенага супрацоўнікамі праваахоўных органаў пратаколу. Згодна з гэтым дакумэнтам, 26 жніўня 2016 году а 10-й гадзіне 10 хвілін кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вадзім Кузьмін, знаходзячыся ў памяшканьні акруговай выбарчай камісіі па Віцебскай Чыгуначнай выбарчай акрузе №19, наўмысна пашкодзіў два агульныя плякаты зь біяграфічнымі дадзенымі кандыдатаў у дэпутаты па гэтай акрузе. Ён перакрэсьліў асадкай сваю выяву і анкетныя дадзеныя.

На думку сябраў акруговай выбарчай камісіі, Вадзім Кузьмін, пашкодзіўшы друкаваныя матэрыялы, што тычацца выбараў, прычыніў камісіі матэрыяльную шкоду. Такім чынам, кандыдат у дэпутаты нібыта зьдзейсьніў правапарушэньне, прадугледжанае артыкулам 9.11 адміністрацыйнага кодэксу.

У сваім тлумачэньні па сутнасьці справы Вадзім Кузьмін заявіў, што не адчувае сябе вінаватым, а прычыну эмацыйнага ўчынку патлумачыў прадузятым да яго стаўленьнем з боку асобных прадстаўнікоў акруговай камісіі.

Рэч у тым, што, у адрозьненьне ад астатніх удзельнікаў выбарчай гонкі па акрузе № 19, канчатковы тэкст, апублікаваны на агульным выбарчым плякаце, які зьмяшчае біяграфічныя дадзеныя кандыдатаў, зь ім ўзгоднены ня быў. Унясеньне ў тэкст старшынёй акруговай камісіі зьвестак пра яго мінулую судзімасьць Вадзім Кузьмін палічыў наўмысным і сьвядомым. На яго думку, напісаўшы на плякаце пра яго судзімасьць і не пазначыўшы, што гэтая судзімасьць даўно пагашаная, улада імкнулася згуляць на руку праўладнаму кандыдату ў дэпутаты.

Падобны інцыдэнт ужо меў месца на мясцовых выбарах 2014 году, у якіх Кузьмін браў удзел у якасьці кандыдата. Тады газэта «Віцьбічы» таксама апублікавала ў біяграфічных зьвестках пра кандыдата інфармацыю, што ён быў судзімы, «забыўшыся» адзначыць, што судзімасьць зьнятая. У выніку рэдакцыі газэты давялося публікаваць абвяржэньне і прыносіць афіцыйныя прабачэньні.

З улікам гэтага зразумела, чаму цяпер Вадзім Кузьмін, убачыўшы тэкст плякату, адрэагаваў гэтак эмацыйна: узяў асадку і перакрэсьліў інфармацыю, згоду на публікацыю якой ён не даваў. Такім спосабам ён выказаў сваю нязгоду з самавольствам у дачыненьні да яго.

Заслухаўшы сьведкаў з абодвух бакоў і кіруючыся артыкулам 9.11 КаАП з прымяненьнем артыкулу 8.2 суд пастанавіў: справу спыніць з улікам нязначнасьці зьдзейсьненага правапарушэньня. Згодна з артыкулам 8.2, асоба, якая ўчыніла адміністрацыйнае правапарушэньне, можа быць вызваленая ад адміністрацыйнай адказнасьці ў выпадку прызнаньня правапарушэньня малазначным. На падставе гэтай нормы, якая на практыцы ўжываецца надзвычай рэдка, суд і прыняў рашэньне пра спыненьне вытворчасьці па справе, прызнаўшы факт пашкоджаньня Вадзімам Кузьміным двух плякатаў малазначным.

За ходам судовага разбору ў залі суду сачылі доўгатэрміновыя назіральнікі бюро АБСЭ па дэмакратычных інстытуцыях і правох чалавека Кірстэн Ёргансэн і Майкл Айкес. І ўпершыню за апошні час суд у Віцебску быў нагэтулькі прыхільны да прадстаўніка апазыцыі, у дачыненьні да якога вёўся адміністрацыйны працэс, задаволіўшы падчас судовых слуханьняў усе яго хадайніцтвы, у тым ліку нават пра магчымасьць рабіць фота- і відэаздымкі, і ў выніку прыняўшы рашэньне, па сутнасьці, на карысьць апазыцыянэра.