Панядзелак, 10 Кастрычнік 2016

Любоў Кавалёва: Самае страшнае ў кары сьмерцю – імавернасьць памылкі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Любоў Кавалёва Любоў Кавалёва

З 5 па 10 кастрычніка ў нашай краіне з ініцыятывы праваабаронцаў праходзіць Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня. Беларусь – апошняя краіна Эўропы і постсавецкай прасторы, дзе сьмяротнае пакараньне ўжываецца на практыцы...

Наш карэспандэнт сустрэўся з маці Ўладзя Кавалёва, абвінавачанага ў датычнасьці да выбуху ў менскім мэтро, якая пяць гадоў таму ўпершыню сутыкнулася зь відавочнай недасканаласьцю цяперашняй судовай сыстэмы Беларусі.

Любоў Іванаўна, прыгадайце, калі ласка, эпізоды прадузятага ці наўмыснага стаўленьня з боку абвінавачаньня да Вашага сына, якія б сьведчылі пра яго недатычнасьць да выбуху ў мэтро.

Вяртаючыся ў мінуўшчыну, я разумею, што ўсё тое, што адбылося з маім сынам – гэта чыстая выпадковасьць.

Шмат пытаньняў выклікае расейская сім-картка «Мегафон», якую канфіскавалі на зьнятай Дзьмітрыем Канавалавым кватэры, і якую судзьдзя забараніў дасьледаваць. Я так мяркую, калі б дасьледаваньне было дазволенае, высьветліліся б шмат якія пытаньні. Першапачаткова на заяўленае адвакатам Станіславам Абразеем хадайніцтва наконт дасьледаваньня сім-карткі была атрыманая згода, але на другі дзень судзьдзя Аляксандар Федарцоў скасаваў сваё ж рашэньне. Калі казаць па сутнасьці, то ўсе хадайніцтвы адваката, датычныя выбуху ў мэтро, метадычна адхіляліся. Дарэчы, гэта тычыцца і хадайніцтваў пацярпелых.

У гэтым самым шэрагу стаіць і адстаўка 20 верасьня генэральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча.

Я мяркую, гэта зьвязана з тым, што ў ходзе суду 15 верасьня Ўладзь адмовіўся ад усіх паказаньняў, дадзеных падчас сьледзтва. Сын патлумачыў, што яны былі атрыманыя ў выніку псыхалягічнага і фізычнага ўзьдзеяньня, то бок пад катаваньнямі. Пабоі былі зафіксаваныя сьледча-мэдычнай экспэртызай, і яе высновы адвакат зачытваў у судзе. Адмовіўся Ўладзь і ад пацьверджаньня відэазапісу вочнай стаўкі зь Дзьмітрыем Канавалавым. Як ён патлумачыў, перад пачаткам відэазапісу сьледчы папярэдзіў: калі ён зьменіць свае паказаньні на відэакамэру, то яны размалююць зялёнкай лоб і пусьцяць яго ў расход. Адмова Ўладзя ад сваіх паказаньняў павялічвала час разгляду справы ў судзе, але ж Лукашэнка заявіў на ўсю краіну, што працэс павінен прайсьці ў гранічна сьціслыя тэрміны і вінаватыя павінны быць расстраляныя.

Па сутнасьці справы ў судзе ў боку абвінавачаньня усё развальвалася, і хлопцаў трэба было адпускаць: ніякіх канкрэтных доказаў іх віны не было. Усе экспэртызы, зробленыя ФСБ Расеі, сьведчылі пра іх невінаватасьць.

Адзінае спатканьне з сынам мне было дадзенае напярэдадні суду, 9 верасьня, на працягу дваццаці хвілін. Размаўляць па сутнасьці крымінальнай справы было катэгарычна забаронена. І гэткая практыка існуе толькі ў нас. У некаторых краінах да падсьледнага дапускаюць нават журналістаў. Ды што там журналістаў – да Ўладзя не пускалі нават яго адваката! Да завяршэньня сьледзтва адвакат меў права прысутнічаць толькі на сьледчых дзеяньнях у якасьці статыста. Па завяршэньні сьледзтва адвакат мусіў сустрэцца з сынам для ўзгадненьня сваёй лініі абароны, але яго да Ўладзя не пусьцілі, матываваўшы адмову адсутнасьцю свабодных пакояў для сустрэчы.

Няўжо сьмяротнае пакараньне можа быць стрымальным чыньнікам для сапраўднага злачынцы? І, як Вам здаецца, чаму ў Беларусі дагэтуль існуе сьмяротнае пакараньне?

Не-не! І дзяржавы Эўропы, і дзяржавы постсавецкай прасторы адмовіліся ад сьмяротнага пакараньня. У чэрвені я была на кангрэсе ў Осьлё, дзе вісела мапа з пазначэньнем краін, якія прымяняюць сьмяротнае пакараньне – так крыўдна за сваю краіну! Мы як першабытныя людзі! Ніякага прававога эфэкту яно не дае. У нас многія людзі да пэўнага моманту нават ня ведаюць, што ў краіне існуе артыкул крымінальнага кодэксу пра сьмяротнае пакараньне. Я і сама ня ведала пра гэта.

Самае страшнае ва ўжываньні сьмяротнага пакараньня – гэта імавернасьць памылкі. Часьцяком і прыгаворваюць, і асуджаюць на сьмерць абсалютна невінаватых людзей. І таму процьма прыкладаў! Рэч у тым, што ў нас суд зыходзіць з прызнаньня абвінавачанага і не зважае на тое, што яго віна павінна быць даказаная падчас судовага разбору на ўсе сто адсоткаў. У нас гэтага няма. Падчас сьледчых дзеяньняў ў падазраванага выбіваецца прызнаньне – і гэтага дастаткова.

У цяперашні час наяўнасьць у краіне сьмяротнага пакараньня я магу патлумачыць толькі нейкай палітычнай мэтай, якую перасьледуе дзяржава. І, я так мяркую, – эканамічнай. Гэта своеасаблівы сродак ціску на міжнародныя структуры. І ня толькі. Пасьля «нашай справы» дзяржава зрабіла яшчэ больш жорсткім заканадаўства супраць звычайных людзей. Апроч «тэрарызму» зьявілася пакараньне за «экстрэмізм», пад якое можа трапіць кожны грамадзянін, які ўдзельнічае ў мірных акцыях, які адстойвае свае канстытуцыйныя правы. Усё гэта робіцца для застрашваньня людзей.

На кангрэсе ў Осьлё выступаў чалавек, які адседзеў за няўчыненае злачынства 24 гады і ў выніку быў апраўданы. А вы прыгадайце скалечаны лёс Міхаіла Гладкага зь Менскага раёну, які за няўчыненае забойства брата адседзеў восем гадоў. Гэта добра, што яго не прысудзілі да сьмяротнага пакараньня, а вынесьлі тэрмін: праз восем гадоў за зьдзяйсьненьне чарговага забойства быў арыштаваны сапраўдны забойца. І за гэтую памылку ніхто не панёс пакараньня! Гэта страшна!

Хаця для мяне цяпер, калі я абсалютна ўпэўненая ў невінаватасьці свайго сына, нават адэкватнае пакараньне тых людзей, якія ўчынілі ўсьвядомленае злачынства ў дачыненьні да яго, не прынясе палёгкі.

Чаму ў Беларусі існуе сьмяротнае пакараньне, калі значная частка грамадзтва – супраць гэтай меры пакараньня? Атрымліваецца, што ўлада выносіць гэты прысуд і ад той часткі грамадзян, якія супраць. Якое яна мае на тое права вырашаць за мяне? Я мяркую, што ў цяперашні час за адмену сьмяротнага пакараньня ў нас у краіне большасьць.

Любоў Іванаўна, наколькі моцнай была салідарнасьць і падтрымка людзей, якія разумелі ўсю падкладку таго, што адбываецца? Як яна выяўлялася?

Калі надарылася бяда з маім сынам, у судзе я пазнаёмілася з многімі неабыякавымі людзьмі, якія былі нават сярод пацярпелых падчас выбуху. Проста людзі хацелі ведаць праўду. Я адчувала зь іх боку падтрымку. Я мяркую, што і Ўладзь яе бачыў і адчуваў. Людзі ў залі былі за хлопцаў. Гэта давала яму сілы казаць праўду пра тое, што адбылося, што рабілі зь імі. У якасьці акту салідарнасьці можна прывесьці і той факт, што пасьля зьяўленьня паведамленьня пра яго расстрэл, у Менску людзі выйшлі на акцыю памяці са зьнічкамі і кветкамі. Мірная акцыя была жорстка падаўленая сілавымі структурамі.

У тым ліку прыносілі кветкі і да нашага дому, хаця тут дзяжурылі людзі, якія не пускалі нікога ў дом. Многія людзі пісалі мне лісты.

Я мяркую, «наша справа» шматлікім беларусам расплюшчыла вочы на ўсё, што адбываецца ў краіне, на тую гнілую сыстэму сьледзтва, на тую гнілую сыстэму суду, на поўную адсутнасьць прэзумпцыі невінаватасьці і на ўсемагутнасьць тэлефоннага права, накінутага зьверху. Ужываючы сьмяротнае пакараньне, улада паводзіцца цынічна ў адносінах да грамадзтва. Пры адсутнасьці стоадсоткавых доказаў вінаватасьці прысуджанага да сьмерці, яна праз сродкі масавай інфармацыі накідвае грамадзянам меркаваньне пра непахібнасьць суду і справядлівасьць вынесенага прысуду.

С. Горкі