Чацвер, 27 Лістапад 2014

У 2014 годзе істотна павялічыўся прыток замежных грамадзян у Віцебскую вобласьць

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Віцебскай вобласьці сёлета зарэгістравана на 2 тысячы замежных грамадзян больш, чымся за аналягічны пэрыяд 2013 году, і на тысячу замежнікаў больш атрымалі пасьведчаньні на жыхарства. Такія дадзеныя агучыла начальнік упраўленьня па грамадзянстве і міграцыі УУС аблвыканкаму Тацьцяна Рамашова падчас круглага стала “Узаемадзеяньне БТЧК зь дзяржаўнымі органамі па аказаньні дапамогі затрыманым мігрантам”, які праходзіў у Віцебску.

Адпаведна, усяго сёлета ў вобласьці зарэгістравана больш за 12 тысяч замежных грамадзян, 5,6 тысяч чалавек атрымалі пасьведчаньні на жыхарства. На цяперашні момант на тэрыторыі рэгіёну пражываюць больш за 26 тысяч грамадзян іншых дзяржаў. Паводле словах Тацьцяны Рамашовай, прырост сёлета істотны, асабліва на яго паўплываў прыток мігрантаў з Украіны.

Сёлета больш за 4,5 тысяч грамадзян суседняй дзяржавы зарэгістраваныя ў органах па грамадзянстве і міграцыі Віцебскай вобласьці, каля 800 аформілі пасьведчаньні на жыхарства. Паводле абодвух паказчыкаў назіраецца рост у 2 разы ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2013 году.

“Раней быў вялікі паток асоб, якiя хадайнiчаюць аб атрыманьні статусу ўцекача або дадатковай абароны. З амаль 300 атрыманых намі хадайніцтваў вялікая частка - ад грамадзян Украіны. Але пасьля таго, як была скасаваная пошліна пры выдачы спэцдазволу на працаўладкаваньне, паток прэтэндэнтаў на статус уцекача зьнізіўся, значна больш стала людзей, якія проста шукаюць жытло і працу. Толькі ўкраінцам ўжо выдадзена 337 такіх дазволаў”, - падкрэсьліла Тацьцяна Рамашова.

У цэлым у гэтым годзе прыкметна павялічылася колькасьць замежнікаў, якія хочуць працаўладкавацца на тэрыторыі Віцебшчыны, выдадзена 1265 спэцдазволаў. Дамінуюць тыя самыя краіны, што і раней: Летува, Латвія, Малдова, Украіна. Для расейцаў і казахаў спэцдазволы не патрэбны. Асобную катэгорыю замежнікаў складаюць студэнты - іх у рэгіёне налічваецца больш за 2 тысячы, зь якіх 82% складаюць грамадзяне Туркмэністану.

Апроч таго, Тацьцяна Рамашова адзначыла ўстойлівае дадатнае сальда міжнароднай міграцыі. Сёлета на 365 чалавек больш прыехала на пастаяннае месца жыхарства ў Віцебскую вобласьць, чымся выехала за яе межы.

Круглы стол “Узаемадзеяньне БТЧК зь дзяржаўнымі органамі па аказаньні дапамогі затрыманым мігрантам” у межах праекту Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа “Аднаўленьне сямейных сувязяў” ладзіўся у Віцебску 25-26 лістапада. У ім бралі ўдзел прадстаўнік МКЧК Лесі Бэртулі, прадстаўнікі БТЧК зь Менску і рэгіёнаў Беларусі, мясцовых органаў улады, Дзяржаўнага памежнага камітэту і яго тэрытарыяльных падразьдзяленьняў, сыстэмы МУС і іншыя зацікаўленыя асобы.

Крыніца: БелТА