Чацвер, 19 Сакавік 2015

Прафіляктычнае мерапрыемства пракуратуры: Некалькі чалавек наўпрост з залі вывелі ў кайданках

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гарадзкая пракуратура Віцебску ў якасьці мэтаду барацьбы з бытавой і рэцыдыўнай злачыннасьцю, сямейнымі дэбашырамі, вырашыла укараніць новы мэтад работы і правяла комплекснае мерапрыемства. Паводле яго вынікаў больш за 50 чалавек, якія маюць судзімасьці, стаяць на ўліку ў міліцыі або абвінавачаныя у парушэньні грамадзкага спакою, былі запрошаныя на прафіляктычную сустрэчу ў ППСМ УУС аблвыканкаму. Некалькі чалавек проста з залі адвялі ў кайданках.

Пракуратура, разгледзеўшы пытаньні пра парушэньні ўмоў i парадку адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову, прыняла рашэньне пра накіраваньне 7 чалавек у ІЧУ, і яшчэ аднаго заключылі пад варту. Таксама было выдадзена больш за 30 афіцыйных папярэджаньняў.

“Гэтае комплекснае мерапрыемства стартавала яшчэ 19 лютага, калі работнікі пракуратуры ўзялі ўдзел у паседжаньнях усіх радаў грамадзкіх пунктаў аховы парадку (іх у горадзе 20). І тады ж яны ўзялі на кантроль грамадзян, схільных да гвалту ў сям’і, злоўжываньня сьпіртнымі напоямі і зьдзяйсьненьня іншых супрацьпраўных дзеяньняў. Апроч таго, супольна з супрацоўнікамі аддзелаў унутраных спраў і патрульна-паставой службы міліцыі пракуроры наведалі сямейных дэбашыраў па месцы жыхарства. Пасьля справы пра адміністрацыйныя правапарушэньні, учыненыя асобамі, што стаяць на прафіляктычных уліках і дапускаюць гвалт у сям’і, былі разгледжаныя на выязных судовых паседжаньнях. Хто ня выправіўся - трапілі на гэтае мерапрыемства”, - растлумачыў намесьнік пракурора Віцебску Валер Грынько.

Раптоўнае пакараньне стала шокам для парушальнікаў і паказальным прыкладам для тых, хто мае падобныя грахі. Аднак сустрэча не абмежавалася разглядам спраў. На ёй прысутнічалі кіраўніцтва і спэцыялісты адміністрацыяў трох раёнаў гораду і ўчастковыя тэрытарыяльных РАУС, лекары-нарколягі. Асобы, якія маюць судзімасьці, хворыя на алькагалізм, атрымалі кансультацыі, як можна закадавацца, і што трэба для лепшага эфэкту, якія даведкі спатрэбяцца для працаўладкаваньня, дзе атрымаць новы пашпарт тым, хто выйшаў з турмы.

Паводле слоў Валера Грынько, у далейшым такія комплексныя мерапрыемствы прафіляктычнай накіраванасьці мяркуецца ладзіць штоквартальна. А пры пагаршэньні крымінагеннай абстаноўкі - штомесяц.

Крыніца: БелТА