Аўторак, 09 Чэрвень 2020

У доме актывіста Андрэя Новікава на Пастаўшчыне адбыўся вобшук

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Андрэй Новікаў Андрэй Новікаў

9 чэрвеня ў доме затрыманага раней актывіста «Краіны для жыцьця» Андрэя Новікава ў вёсцы Прусы Пастаўскага раёну адбыўся вобшук. Пра гэта паведаміла жонка затрыманага Вольга. «Размаўляць з вамі зараз не магу, у нас – ператрус», – паведаміла па тэлефоне жонка актывіста.

Дазваніцца да Вольгі Новікавай атрымалася толькі на наступны дзень. Яна паведаміла, што ператрус рабілі супрацоўнікі Пастаўскага РАУС. «Што шукалі, ня ведаю. Можа, зброю якую шукалі. Ператрасалі і ў хаце, і на двары, і ў хляве», – сказала жонка Андрэя Новікава. Магчыма, падставай для вобшуку стала крымінальная справа, якую нібыта распачалі супраць яе мужа, але жанчына дакладна не адказала. Што дакладна ведае, дык тое, што муж знаходзіцца зараз у Менску. Дзе канкрэтна – на Акрэсьціна ці на «валадарцы», ёй не паведамляюць. Наракае, што ня можа зрабіць перадачу.

Вольга цяпер адна – з двума дзецьмі на руках. Малодшаму – усяго 10 месяцаў.

Андрэя Новікава затрымалі 6 чэрвеня. Меркавалася, што суд над ім за адміністрацыйнае правапарушэньне (арт. 23.34 КаАП) адбудзецца ў Паставах 8 чэрвеня, але жонцы пазьней паведамілі, што яе мужа ў Паставах няма.

Паводле непацьверджанай інфармацыі, крымінальную справу ў дачыненьні Новікава завялі паводле таго ж самага артыкулу, па якім учора было выстаўленае абвінавачаньне блогеру Сяргею Ціханоўскаму (арт. 342 КК – арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.