Субота, 08 Жнівень 2015

Тацьцяну Севярынец не пусьцілі на сустрэчу з дэпутатам

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

4 жніўня на прадпрыемстве «Віцебскдрэў» была абвешчаная сустрэча з дэпутатам. Афіцыйна ўваход на яе быў вольны. Наведаць сустрэчу паспрабавала каардынатар аргкамітэту БХД ў Віцебску Тацьцяна Севярынец, якую цікавілі пытаньні пра стан мэдыцыны ў горадзе, даўгабуды, марудныя рамонты, доўгія чэргі ў рэгістратурах, тым больш, што маючы быць на сустрэчы дэпутат – галоўны лекар больніцы №2 (дзе рамонт аднаго з карпусоў доўжыцца ўжо гады чатыры).

Але ў будынак яе не пусьцілі людзі ў камуфляжы: Куды? – На сустрэчу з дэпутатам. – А вы ў нас не працуеце! (Няўжо ўсіх ведае ў твар?) – Я жыву ў гэтым раёне, хачу паслухаць дэпутата. – Чакайце! (некуды пабег) Вам не паложана! (вярнуўшыся) – Чаму? – Гэтая сустрэча толькі для працоўных прадпрыемства. – А я чым буду замінаць? – Не паложана!

У выніку каардынатара БХД выціснулі з прыступак.

«Да народу я, выходзіць, не належу. Ні мой прыстойны настаўніцкі выгляд, ні ўзрост ня сталі пропускам на гэтую таямнічую сустрэчу. Дарэчы, народу я там і блізка ня бачыла. Пэўна, людзей са зьмены адразу ланцужком заганялі ў залю з двара прадпрыемства: працоўны дзень заканчваецца а 17:00, сустрэча прызначаная на 16:30. Ну чаму б, каб заахвоціць людзей палюбавацца на дэпутата, не скараціць на паўгадзіны працоўны час?» – адзначае Тацьцяна Севярынец.

«Уся справа, відаць, у тым, што набліжаюцца прэзыдэнцкія выбары. Пустыя пікеты галоўнага прэтэндэнта, са сьлязьмі вымольваемыя настаўнікамі ў родных і блізкіх подпісы ў падтрымку галоўнага (кожнаму даведзены плян — 200 подпісаў з калена выламі, інакш… ну, самі ведаеце, што), абяцаньні студэнтам забясьпечыць інтэрнатам, каб толькі яны папрацавалі ў ініцыятыўнай групе. Калі мне паведамлялі пра гэтую сустрэчу, прыкладна так і казалі: будуць агітаваць прыйсьці на выбары і прагаласаваць за дзейнага. Няхай сабе нелегітымнага, але ж усе слухаюцца яго… А прамовы спадарыні Ярмошынай перад міжнароднымі назіральнікамі, старшынямі камісіяў наконт забароны выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс падчас кампаніі для першых гучаць як дэманстрацыя выкананьня літары Закону, для другіх – як кіраўніцтва да дзеі з дакладнасьцю наадварот», – мяркуе Тацьцяна Севярынец.

Крыніца: Прэсавая служба БХД