Серада, 25 Кастрычнік 2017

Кафэ ў Віцебску папярэдзіла кліентаў: «Калі плаціць у нас карткай, будзе даражэй!»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Незвычайную аб'яву ўбачылі жыхары Віцебску на дзьвярох кафэ «Бацькова хата». Кафэ ўваходзіць у буйную сетку ТАА «Арэна-піца» – гэта некалькі піцэрыяў, кафэ, закусачных і рэстаранаў у Віцебску.

Аб'ява гучыць гэтак: «Дарагія госьці! У нашым кафэ вам больш выгадна разьлічыцца наяўнымі грашыма. З 10.11.2017 году ў выпадку аплаты банкаўскай плястыкавай карткай з сумы вашай замовы ААТ «АСБ Беларусбанк» будзе дадаткова спаганяць плату за эквайрынг (...). Па картках ААТ «АСБ Беларусбанк» – 1,5%, па картках банкаў-рэзыдэнтаў – 2%, па картках банкаў-нерэзідэнтаў (для замежных грамадзянаў) – 3%. Па ўсіх пытаньнях зьвяртайцеся ў ААТ «АСБ Беларусбанк». P.S. ТАА «Арэна-піца» прыме прапановы банку-партнэра па аказаньні паслугаў у сфэры эквайрынгу па адэкватнай стаўцы».

Эквайрынг – гэта, прасьцей кажучы, працэс, калі вы расплачваецеся карткай праз тэрмінал. Праца эквайрынгу сапраўды платная, але за яе заўсёды плацілі самі прадпрыемствы – кафэ, крамы, салёны прыгажосьці і гэтак далей.

Што азначае аб'ява? А тое, што з 10 лістапада кафэ зьбіраецца спаганяць працэнт, калі вы расплаціліся ў іх карткай. Напрыклад, калі ў вас картка Беларусбанку і вы купілі піцу за 10 рублёў, то аплаціце па картцы ўжо 10 руб. 15 кап., калі ў вас картка іншага банку – 10 руб. 20 кап., а калі вы замежнік і прыехалі са сваёй замежнай карткай, то і зусім 10 руб. 30 кап.

Мы датэлефанаваліся да кафэ «Бацькова хата», на дзьвярох якой яшчэ 16 кастрычніка вісела аб'ява аб зьбіраньні адсоткаў пры разьліку карткамі.

– Няма ніякай аб'явы ўжо. Гэта неактуальная інфармацыя. Прынамсі на дзьвярох у нас нічога не вісіць, – распавёў па тэлефоне Сяргей, які прадставіўся рэстаратарам.

– Але ж раней аб'ява была!

– Я толькі сёньня заступіў на зьмену і нічога пра гэта не ведаю.

Атрымаць якія-небудзь іншыя камэнтары ва ўстановы не ўдалося.

У Беларусбанку, пра які і вядзецца ў аб'яве, распавялі, што браць камісію з кліентаў – незаконна.

– Камісійнае ўзнагароджаньне за эквайрынг ужываецца не да фізычных асоб (трымальнікаў картак), а да арганізацыяў гандлю і сэрвісу. У адпаведнасьці з умовамі дамовы эквайрынгу цэны на тавары і паслугі пры безнаяўным разьліку (па картках) або пры наяўным разьліку павінны быць аднолькавымі, – паведамілі ў прэс-службе Беларусбанку.

Мы таксама накіравалі запыт у Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю – каб патлумачылі, наколькі законна ў прынцыпе браць камісію з кліентаў у выпадку, калі яны расплачваюцца плястыкавымі карткамі. Ведамства паабяцала разабрацца з гэтым пытаньнем і даць адказ крыху пазьней.

Вольга Ярохіна, kp.by
Фота: Алена Сьцяпанава