Чацвер, 22 Верасень 2016

У Віцебскай вобласьці загінуў салдат-рэкрут з Полацку

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Аляксандар Хадкевіч Аляксандар Хадкевіч

Прэс-служба Міністэрства абароны распаўсюдзіла паведамленьне пра гібель 21 верасьня ў адной з вайсковых частак на тэрыторыі Віцебскай вобласьці вайскоўца тэрміновай службы.

У суполцы «Полацак і Наваполацак» зьявіўся запіс, у якім сьцьвярджаюць, што загінулы – 19-гадовы Аляксандар Хадкевіч з Полацку. Гібель салдата паводле інфармацыі МА адбылася ў выніку парушэньня патрабаваньняў бясьпекі падчас эксплёатацыі тэхнікі. У суполцы са спасылкай на таварышаў па службе ўдакладняюць, што Хадкевіч трапіў паміж дзьвюх БМП.

Згодна з інфармацыяй на старонцы Аляксандра Хадкевіча, ён праслужыў амаль год – хлопца прызвалі ў лістападзе 2015 году. У ліпені 2016 году ён ужо пасьпеў пабываць у адпачынку ў Полацку.

Што тычыцца месца службы, то ў сацсетцы «УКантакце» Хадкевіч належаў да суполкі вайсковай часткі №71327 – гэта асобная гвардзейская Мікалаеўска-Будапэшцкая Чырванасьцяжная ордэна Суворава II ступені мэханізаваная брыгада. 12 верасьня гэтае вайсковае злучэньне адзначыла сваё 75-годзьдзе.

Цяпер па факце гібелі 19-гадовага вайскоўца тэрміновай службы праводзіцца праверка. Міністэрства абароны ў сваім паведамленьні выказала спачуваньне родным і блізкім салдата і паабяцала аказаць дапамогу ў адпаведнасьці з заканадаўствам.

Сяржук Серабро, news.vitebsk.cc
Фота: «Укантакце»