Аўторак, 15 Снежань 2015

Мадэрнізацыя «Віцебскдрэву» скончылася стратай рынкаў збыту

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

«Віцебскдрэў», якому банкі адмаўляюць у крэдытаваньні, просіць садзейнічаньня ўраду. Генэральны дырэктар ААТ Анатоль Юхнавец зьвярнуўся з такой просьбай да першага намесьніка прэм'ер-міністра Васіля Мацюшэўскага, які правёў 11 сьнежня ў Віцебску выязны прыём. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе ўраду.

Паводле слоў гендырэктара, прадпрыемства губляе рынкі збыту плітнай прадукцыі з-за высокай затратнай часткі вытворчасьці: у сабекошце драўняных пліт 60% займае кошт энэрганосьбітаў і 17% – кошт драўніны. Юхнавец адзначыў, што «ў расейскіх прадпрыемстваў, якія зьяўляюцца асноўнымі канкурэнтамі беларускіх вытворцаў, гэтыя пазыцыі вызначаюцца значна больш сьціплымі лічбамі, а таму расейцы цяпер больш канкурэнтаздольныя».

На думку кіраўніка віцебскага прадпрыемства, «трэба разгледзець магчымасьці зьніжэньня кошту рэсурсаў з улікам таго, што на вытворчасьць плітнай прадукцыі выкарыстоўваецца драўніна не найвышэйшай якасьці».

Мацюшэўскі у сваю чаргу заявіў, што найбліжэйшым часам будзе дэталёва прааналізаваная праца дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў.

Крыніца: Хартыя'97