Пятніца, 20 Сакавік 2015

Работнікаў УП «Віцебскаблгаз» змушаюць скупляць торф. Наперадзе – масавыя звальненьні

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пра гэта напісаў чытач charter97.org, супрацоўнік УП «Віцебскаблгаз» ПУ «Віцебскгаз». Ён распавядае пра тое, што на прадпрыемстве распачалася «аптымізацыя кадраў», што можа азначаць скарачэньне на 25% штату.

«У нас распачалася масавая «рэарганізацыя прадпрыемства». Зь Міністэрства прыйшло распараджэньне аб колькасьці працуючых у кожнай службе. У нас, напрыклад, згодна з гэтым распараджэньнем – значнае перавышэньне колькасьці супрацоўнікаў. Як мяркуецца, гэта перавышэньне складае блізу 25%, але дакладная колькасьць тых, што звольняць, яшчэ не вядомая, бо плянуецца пазбавіцца ад так званых няпрофільных актываў. Са складу прадпрыемства будуць выдзеленыя будаўнічыя службы, наша кавярня «Мэтан», крама «Мэтан», дзіцячы лягер і гэтак далей», – распавёў ён.

Але гэта яшчэ ня ўсё. Чытач скардзіцца, што супрацоўнікаў прадпрыемства таксама прымушаюць за свае грошы закупляць… торф.

«А больш за ўсё абурае тое, што пры сытуацыі, якая склалася, нас прымушаюць купляць торф, таму што ў нашым абласным прадпрыемстве ёсьць некалькі падшэфных торфазаводаў. Патрабуецца купіць мінімум 1 тону коштам 983 000 і 820 000 беларускіх рублёў. Людзі ад безвыходнасьці пачалі пісаць заявы і купляць той торф, што таньнейшы. Аднак сталі прывозіць той, што даражэйшы, і, што дзіўна, горшай якасьці. Поўнае бязьмежжа! Кіраўніцтва спрабуе разьвязаць свае праблемы за наш кошт. Ведамасьць разнарадкі торфу па службам прыкладаю», – напісаў чытач.

На прадпрыемстве пацьвердзілі, што звальненьні сапраўды будуць, але пакуль не вядома, у якіх маштабах. Пра гэта паведаміў намесьнік дырэктара, начальнік аддзелу прававой і кадравай работы Валер Ярамееў: «Гэта не зусім так. Рэч у тым, што ў нас будзе аптымізацыя, але афіцыйныя дакумэнты яшчэ не прынятыя, таму дакладных лічбаў яшчэ няма», – сказаў ён.