Панядзелак, 27 Верасень 2021

Улады Расеі перадалі стачкамаўца з Наваполацку беларускім спецслужбам

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

На тэрыторыі Расейскай Федэрацыі без законных на тое падстаў быў затрыманы былы юрысконсульт ААТ «Нафтан» заводу «Палімір» Аляксандр Капшуль, які 4 снежня 2020 году далучыўся да нацыянальнай стачкі. Па затрыманні Капшуля адвезлі на памежны пераход і перадалі беларускім уладам. Цяпер ён – у СІЗА КДБ.

З якой прычыны быў затрыманы Аляксандр Капшуль – дакладна невядома. Нагадаем, што цягам 21-23 верасня па краіне пракацілася хваля затрыманняў працаўнікоў заводаў і стачкамаўцаў. Паводле папярэдняй інфармацыі, атрыманай ад праваабаронцаў, затрыманні адбываліся ў межах арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»). Вядома, што Аляксандра Капшуля, затрыманага ў РФ, у экстраным парадку перадалі супрацоўнікам КДБ Беларусі, якія з памежнага пераходу «Троебортное» таемна вывезлі яго ў Менск.

Цяпер Аляксандр Капшуль знаходзіцца ў СІЗА КДБ, у яго зламаная нага і пашкоджаная рука. Праваабаронцы паведамляюць, што ў СІЗА КДБ і гомельскім СІЗА-3 знаходзяцца на сёння 13 чалавек, затрыманых па справе «Рабочага руху».

Аляксандр Капшуль ў 2000 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Міжнароднае права», адпрацаваў больш за 20 гадоў юрысконсультам у юрыдычным аддзеле юрыдычнага ўпраўлення ААТ «Нафтан». Ён жанаты, мае двух няпоўнагадовых дзяцей.

Віталь Кажух