Аўторак, 04 Жнівень 2015

Жыхары Талачына скардзяцца на затрымкі заробкаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Выслухоўваць скаргі жыхароў Талачынскага раёну давялося старшыню Камітэту дзяржкантролю Леаніду Анфімаву. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе ведамства.

Тэлефонная размова з жыхарамі Талачынскага раёну доўжылася больш за дзьве гадзіны. За гэты час да Леаніда Анфімава зьвярнулася блізу 10 чалавек. Людзей хвалявалі праблемы нявыплаты заробку, прыватызацыі жытла і добраўпарадкаваньня Талачына.

У прыватнасьці, даярка аднаго зь сельскагаспадарчых прадпрыемстваў распавяла, што заробак на фэрме выплачваецца без уліку вынікаў працы. Не абышлося на жывой лініі і без пытаньняў пра кошт прыватызацыі жытла. Апроч таго, жыхары райцэнтру цікавіліся, ці зьявіцца ў Талачыне дзіцячая кавярня і ці прадугледжанае ўладкаваньне дзіцячых пляцовак.

Крыніца: Хартыя'97