Чацвер, 31 Снежань 2015

Удзельніцу страйку прадпрымальнікаў у Полацку выганяюць з рынку

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Адміністрацыя рынку папярэдзіла Вольгу Шарстабітаву, што скасоўвае зь ёй дамову аб арэндзе ралету. Напярэдадні яна запатрабавала, каб з дамовы аб арэндзе выключылі незаконны пункт. Пра гэта прадпрымальніца з Полацку і актывістка РГА «Пэрспэктыва» распавяла ў камэнтары сайту charter97.org.

«Сёньня да мяне прыйшла дэлегацыя з адміністрацыі Полацкага рынку – юрыст, сакратар і намесьнік дырэктара – і паведамілі, што скасоўваюць са мной дамову арэнды. У сутнасьці, ужо з 2 студзеня я павінна буду вызваліць месца на рынку», – сказала Вольга Шарстабітава.

Напярэдадні яна зь іншымі прадпрымальнікамі з Полацку прасіла адміністрацыю рынку выключыць з новай дамовы арэнды незаконны, на іх думку, пункт. Згодна зь ім, прадпрымальнікам, акрамя арэнднай платы, неабходна будзе плаціць яшчэ і за захоўваньне тавару на тэрыторыі рынку.

«Мы пракансультаваліся зь юрыстамі, якія пагадзіліся, што гэта незаконнае выманьваньне з нас грошай. Усе свае заўвагі мы падалі адміністрацыі рынку, – кажа Вольга. – Больш таго, акурат сёньня я хадзіла ў выканкам, дзе мне сказалі, што гатовыя выслухаць нашы прапановы і заўвагі, датычныя дамовы арэнды. І вось праз пару гадзін да мяне прыходзяць чыноўнікі і выганяюць прэч».

Пасьля навагодніх сьвятаў актывістка мае намер зьвяртацца ў суд, каб абскардзіць скасаваньне зь ёй дамовы.

Такія рэпрэсіі, паводле слоў Вольгі Шарстабітавай, могуць быць зьвязаныя са страйкам, які прайшоў у кастрычніку на Полацкім рынку. Яна была ў ліку пяці дэлегатаў, якія ад імя пратэстоўцаў сустракаліся з раённымі ўладамі.

Нагадаем, 500 прадпрымальнікаў у Полацку абвясьцілі страйк 16 кастрычніка. Ён стаў адказам на масавыя праверкі на рынках і працягваўся два дні.