Серада, 02 Кастрычнік 2013

Віцебскаму актывісту БНФ паведамілі на працы, што больш «ня маюць патрэбы ў ягоных паслугах»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Аляксандар Ільінец Аляксандар Ільінец

Пра гісторыю свайго звальненьня распавёў сябар партыі БНФ Аляксандар Ільінец, які працаваў майстрам у брыгадзе цэху ўласнай вытворчасьці ў краме №139 гандлёвай сеткі “Веста”, займаўся выпечкай хлеба-булачных і кандытарскіх вырабаў. Ён цьвердзіць, што нараканьняў на сваю працу з боку кіраўніцтва ня меў, але пасьля таго, як стала вядома пра ягоны ўдзел у кампаніі “Зробім лепш”, пачаліся праблемы. Паводле словаў актывіста, яму прапанавалі разьвітацца з працай - “па-добраму”, пасьля тэлефанаваньня дырэктарцы крамы.

“У нашым двары мы вырашылі добраўпарадкаваць тэрыторыю, абсталяваць дзіцячую пляцоўку. Правялі сход мясцовых жыхароў з дамоў №№ 31, 29, 29 карпусы 1 і 2 па вуліцы Чкалава, сабралі подпісы пад калектыўным лістом, зьвярнуліся ў службу ЖКХ. І нам нават паабяцалі дапамогу – прывесьці ўсё неабходнае для дзіцячай пляцоўкі. І як толькі артыкул пра гэта зьявіўся на сайце “Народныя Навіны Віцебска”, літаральна праз пару дзён у двары пачалася інтэнсіўная праца: аднекуль сабралі дворнікаў, яны пачалі прыбіраць, усталёўваць лавачкі… А неўзабаве пад’ехаў аўтобус зь нейкімі людзьмі - пераважна мужчынамі ў пінжаках і гальштуках, якія пачалі аглядаць тэрыторыю ды запісваць, што тут ёсьць і чаго няма,” — распавёў Аляксандар Ільінец.

На наступны дзень ён зайшоў па вытворчых справах да дырэктаркі крамы, дзе працаваў. І стаў сьведкам тэлефоннай размовы, прычым гаворка ішла пра ягоную асобу: “Дырэктарка Алена Андрэева казала ў слухаўку: “А вось ён якраз і тут”. Пэўны час моўчкі слухала, што ёй кажуць, а потым папрасіла мяне выйсьці. Праз колькі хвілінаў запрасіла мяне ў габінэт ізноў. Ды сказала, што мае паслугі гэтай краме больш не патрэбныя. Што ёй патэлефанавалі і параілі са мной разьвітацца па-добраму. А прычыну, маўляў, я сам ведаю. З кім размаўляла дырэктарка, мне даведацца не ўдалося. Аднак пра прычыну я здагадваюся: справа ў грамадзкай актыўнасьці – што я нібыта падбухторваю людзей да чагосьці кепскага. Хаця насамрэч мы проста хацелі зрабіць свой двор больш утульным”.

Аляксандар Ільінец тлумачыць свае здагадкі тым, як разьвіваліся падзеі. Даведаўшыся, што ў двары вырашылі наводзіць парадак самі мясцовыя насельнікі, чыноўнікі з ЖКГ занепакоіліся пра свой невысокі аўтарытэт у жыхароў. А таксама пра тое, што факты пра непарадак у гэтым двары сталі вядомыя грамадзкасьці, і што праз гэта ў іх могуць быць непрыемнасьці на працы. Таму, мяркуе актывіст, ягоная дзейнасьць прызнаная небясьпечнай. У тым ліку і ў краме, пра што і папярэдзілі дырэктарку.

Дарэчы, факты зваротаў жыхароў Віцебску да апазыцыянераў у пошуку вырашэньня сваіх камунальных праблем не адзінкавыя. Так, яшчэ адзін віцебскі сябар партыі БНФ Аляксандар Кузьняцоў распавёў, што да яго зьвярнуліся жыхары той выбарчай акругі, дзе ён балятаваўся ў дэпутаты мясцовага савету. Яны прасілі дапамогі, каб вырашыць пытаньне зь ліквідацыяй аварыйнага дрэва каля дому 1/1 па вуліцы Белабародава. Бо дагэтуль яны каля году мелі ліставаньне з адказнымі службамі, але без усялякага выніку.

Праваабарончы цэнтар “Вясна”